Сяброўства ёсць, а самалёт адмянілі. Беларусь – Іран: 25 гадоў

ВІДЭА

25 гадоў, як Беларусь усталявала дыпламатычныя дачыненні з Іранам. Чвэрць стагоддзя жыццё абедзвюх краінаў рэдка перасякалася, але ў той жа час было ў чымсьці падобнае: і там, і тут улады кідалі ў турмы апазіцыю, стараліся пераадолець наступствы санкцыяў ды прыводзілі ў выкананне смяротныя прысуды над забойцамі.

18 сакавіка Уладзімір Макей павіншаваў свайго іранскага калегу Джавада Зарыфа так, што падалося, нібы гэта не сяброўства, а сапраўднае – срэбнае – вяселле народаў. Пратакол пратаколам, але такія цёплыя словы рэдка чуюць нават нашыя не настолькі стратэгічныя суседзі. Па-за абавязковымі ў такіх выпадках рэверансамі міністр сцвердзіў, што адлегласць для дзвюх краінаў не перашкода. Відаць, таму «Белавія» зліквідавала летась рэйсы ў Тэгеран. Цяпер можна сябраваць праз Кіеў, Баку або Вену. Прычыну закрыцця маршруту ў авіакампаніі не называюць.

«Калі-небудзь мы можам яго вярнуць. Мы глядзім паводле сітуацыі, рынку», – кажа Вольга Шчуко з прэсавай службы «Белавіі».

Рынак – падмурак добрых палітычных дачыненняў. Летась таваразварот паміж Беларуссю ды Іранам вырас, але ўсцяж не ўражвае. Справу маглі паправіць нафтавыя пастаўкі: падчас леташніх спрэчак з Расеяй Менск быў дамовіўся з Іранам, але пасля першага танкера пра ініцыятыву забыліся. Нерэнтабельнасць марскога транспарту за чатыры тысячы кіламетраў азначае, што расейскай трубе няма альтэрнатывы.

Беларусь і Іран працягваюць дзесяцігадовую супрацу ў аўтамабілебудаванні: неўзабаве з канвеера прадпрыемства «Юнісон», якое выпускае ў Беларусі «Мэрседэсы» і «Фольксвагены», будуць сыходзіць найноўшыя мадэлі іранскага канцэрну Khodro – Dena і Dena Plus. Па тысячы машынаў у год.

У 2006–2013-м гадах у Беларусі ўжо збіралі іранскія аўтамабілі «Саманд» – таксама на «Юнісоне». Аднак, праект згарнулі з-за канфлікту інтарэсаў асноўных акцыянераў. Цягам 7 гадоў у Беларусі выпусцілі толькі каля двух тысячаў аўтаў.

Больш, чымся з іранцамі, мы гандлюем нават з эстонцамі, якіх у 60 разоў менш. Суцяшае, што Ірану прадаем больш, чымся набываем – на $ 10 млн.

«А хто будзе прыдумляць, што туды прапаноўваць? У нас з савецкага часу традыцыйна склалася, што гэта дзяржаўныя мужы займаюцца тым, што прыдумляюць, што і куды пастаўляць, у якіх аб’ёмах, якім чынам. Але гэта павінен рабіць прыватны бізнес», – каментуе Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Амаль тры гады таму Тэгеран пагадзіўся спыніць сваю ядравую праграму ўзамен на знясенне санкцыяў. Аднак, інвестары, якіх пільна патрабуе іранская гаспадарка, сюды не спяшаюцца. Не толькі амерыканцы, але нават пазітыўна настроеныя да Тэгерану французы і немцы. У выніку Ірану няма ані за што набываць, ані чаго прадаваць.

«Іран апроч нафты не прадукуе нічога цікавага. У яго вялізарныя эканамічныя праблемы. У тым ліку нават з уласнаю нафтаю, якую ён не мае магчымасці перапрацоўваць, бо прамысловасць Ірану састарэла і прагне новых тэхналогіяў», – гаворыць Людвіка Влодэк з Асяродку вывучэння Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту.

Што нас аб’ядноўвае?

Сёння – адсутнасць надзеі на перамены, імклівае старэнне грамадстваў і падобнае стаўленне да нацыяналістаў з боку дзяржаўных лідараў. Тых, хто звяртаецца да слоганаў нацыянальнае годнасці, тэакраты разглядаюць як натуральную апазіцыю іхнай ідэі паншыіцкасці. Але наўрад ці аятала адважыцца сказаць, што не варта ганарыцца гісторыяй Персіі, як пра БНР выказаўся кіраўнік Беларусі.

«У галаву іранскаму кіраўніцтву не прыйдзе казаць, што на мове фарсі нельга выказаць нічога вялікага. Там, хутчэй, баяцца некантраляваных нацыяналістычных апазіцыйных структураў», – адзначае Яўген Красулін.

Пакуль і ў Іране, і ў Беларусі апазіцыйныя структуры пад надзейным кантролем. У нас нават пратэсты падобныя. Беларускія маршы «дармаедаў» летась і «яечны бунт» у Іране сёлета мелі выключна эканамічны характар.

Як Іран чакае замежныя інвестыцыі, гэтаксама Беларусь спадзяецца на грошы з Еўразвязу, МВФ, Вялікай дугі, Афрыкі ды нават самога Ірану, якому і дасылаюць тэлеграмы пра «канструктыўны дыялог» ды «паспяховую супрацу».

«Прыклад не са стасункаў з Іранам, а з Кітаем: дэкрэт, каб кіраўніцтва кожнае вобласці прыцягнула пэўную суму кітайскіх інвестыцыяў. Якім чынам яны будуць гэта прыцягваць – будуць загадваць кітайскаму кіраўніцтву? Ці будуць выкручваць рукі кітайскаму бізнесу?», – дадае Яўген Красулін.

Візіт кіраўніка Беларусі ў Іран адбудзецца, імаверна, ужо сёлета.

«Згодна з планамі, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Іран у цяперашні час знаходзіцца на парадку дня, праводзяцца кансультацыі з адпаведнымі інстанцыямі», – заявіў на мінулым тыдні «Інтэрфаксу» амбасадар Ірану ў Беларусі Мастафа Авэйсі.

Праз пяць гадоў, на трыццацігоддзе стасункаў, беларускія дыпламаты зноўку скажуць пра «стратэгічнае партнёрства». Але без сістэмных рэформаў у Беларусі – ды Іране – гэта будуць папросту прыгожыя словы.

Сюжэт Дзяніса Дзюбы паказалі ў «ПраСвеце» з Алінаю Коўшык 23 сакавіка

Таксама ў праграме:

Глядзі таксама
Каментары