Сябра выбарчай камісіі, які прагаласаваў супраць выніковага пратаколу, накіраваў скаргі ў ЦВК і пракуратуру


У Баранавічах сябра гарадской выбарчай камісіі, актывіст руху «За Свабоду» Віктар Сырыца, які прагаласаваў супраць зацвярджэння выніковага пратаколу, накіраваў скаргі ў ЦВК і пракуратуру.

«Лічу, што падлік галасоў праходзіў з парушэннямі заканадаўства, пра што напісаў у сваім адмысловым меркаванні ў выніковым пратаколе, – паведаміў БелаПАН спадар Сырыца. – Астатнія 12 сябраў гарадской выбарчай камісіі падпісалі гэты пратакол, не маючы звестак пра вынікі галасавання, што з’яўляецца грубым парушэннем Выбарчага кодэксу».

Па словах Сырыцы, усе чальцы гарадской выбарчай камісіі былі падзеленыя на чатыры групы і знаходзіліся ў розных кабінетах гарвыканкаму. Такім чынам, яны атрымлівалі частку выніковых пратаколаў і бюлетэняў для галасавання, інфармуюць naviny.by

Старшыня камісіі хадзіла па кабінетах і збірала выніковыя пратаколы ўчастковых камісій. Гэтыя дакументы яна адносіла ў ідэалагічны аддзел гарвыканкаму, дзе працаўнік гарвыканкаму і чалец гарадскога выбаркаму лічылі колькасць грамадзянаў гораду, якія прагаласавалі, і рыхтавалі выніковы пратакол.

Як заявіў Сырыца, астатнія сябры камісіі былі толькі пасіўнымі назіральнікамі падліку і выконвалі тэхнічныя даручэнні, звязаныя з пагашэннем нявыкарыстаных бюлетэняў, дастаўкай і здачай бюлетэняў і спісаў выбарцаў пад сігналізацыю.

«Падчас датэрміновага галасавання Баранавіцкі гарвыканкам таксама, па сутнасці, адхіліў гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію ад выканання сваіх абавязкаў, – падкрэсліў Сырыца. – У прыватнасці, усе дадзеныя з участкаў паступалі не на тэлефон выбаркаму, а на тэлефоны ідэалагічнага аддзелу гарвыканкаму».

Назіральнік паведаміў, што 12 кастрычніка накіраваў адпаведныя скаргі ў ЦВК, Баранавіцкую міжраённую пракуратуру, дзе просіць правесці праверку.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў