Сябра сына Змітра Галко, які не захацеў сведчыць супраць журналіста, хочуць пасадзіць за наркотыкі


Вольга Краўчук апісала ў сваім «Facebook’у» гісторыю святкавання дня народзінаў іхнага са Змітром Галко няпоўнагадовага сына Яна. Пасля імпрэзы журналіста абвесцілі ў вышук як падазраванага ў «гвалце ў адносінах міліцыянта».

Паводле жанчыны, у той вечар з вакна скокнулі двое хлопцаў.

«Адзін з іх, 18-гадовы Арсень выскачыў праз страх атрымаць штраф за распіванне з няпоўнагадовымі, і зламаў хрыбетнік, які потым некалькі разоў аперавалі. Арсень амаль ачуняў і цяпер ходзіць. Але пакуль ляжаў у шпіталі, распавядаў Яну, што міліцыя прасіла яго даць паказанні на яго і ягонага бацьку. І ён адмовіўся».

Днямі Вольга Краўчук даведалася, што Арсенія будуць судзіць за наркотыкі.

«Цяпер аказалася, што ў Арсенія, які скокнуў, знайшлі ў кішэні два пакункі з марыхуанай. Арсень так даражыў сваймі пакуначкамі, што вырашыў скокнуць з марыхуанай, не выкінуўшы і не схаваўшы ў кватэры. І, увага! Аналізы крыві Арсенія паказалі ўтрыманне наркотыкаў у крыві. Прычым, аналізы, зробленыя пасля аперацыі на хрыбетніку. Пасля наркозу знайшлі рэшткі наркозу. Вырваны з кантэксту аперацыі, сам гэты факт гучыць і ўражвае».

Вольга Краўчук піша, што днямі хлопца будуць судзіць.

22 красавіка журналіста і блогера Змітра Галко затрымалі на беларуска-украінскай мяжы. З 27 красавіка ён знаходзіцца ў СІЗО на Валадарцы. Яму ўжо выставілі абвінавачванне. Галко можа пагражаць да 6 гадоў зняволення.

Лісты Змітру Галко можна дасылаць на адрас: СІЗО №1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага. д. 2, камера 44.

Глядзі таксама
Каментары