Сябра АГП нагадвае пра фальсіфікацыі на выбарах-2010: Хачу, каб у людзей не было ілюзіяў


Прадстаўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі з Берасця і чалец участковай выбарчай камісіі ў 2010 годзе Ігар Барсук лічыць сваім грамадзянскім абавязкам асцерагчы людзей перад выбарамі ў парламент Беларусі.

«Неўзабаве выбары, і, магчыма, ёсць яшчэ наіўныя, якія мяркуюць, што іх галасы ўлічваюцца. Насамрэч, меркавання грамадзянаў Рэспублікі Беларусь ніхто не слухае, бо ўсё вырашае адзін чалавек – ён упэўнены ў сваёй слушнасці, у сваіх пастановах. Ён вырашае, як жыць нам, як жыць нашым дзецям. Уся нікчэмнасць ягоных намераў, учынкаў была бачная цягам 22 гадоў кіравання – эканоміка зруйнаваная, грамадства і нацыянальная свядомасць у руінах, людзі співаюцца, самыя актыўныя – выязджаюць. Добрая карцінка ёсць толькі на дзяржаўным тэлебачанні», – заўважыў спадар Барсук.

Апазіцыянер у выбарчай камісіі – чужак

У 2010 годзе падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі АГП вылучыла яго ва ўчастковую камісію № 73 у Берасці, якая працавала тады ў сярэдняй школе № 24. Іншыя чальцы камісіі прынялі яго, як ворага, адзначыў берасцеец.

«Я трапіў да варожа настроеных да мяне людзей. Непрыязнасць выяўлялася на іхных тварах, былі больш рэзкія адказы на мае пытанні. Там згуртаваны калектыў, які цэментаваўся гадамі. Цягам розных выбарчых кампаніяў склад участковых камісіяў практычна не змяняўся, а я ж быў для іх чужаком, прадстаўніком апазіцыйнай партыі», – адзначыў спадар Барсук.

Сябру АГП нават не паклікалі на выбары старшыні выбарчай камісіі, спаслаўшыся на тое, што ён быў недаступны. «Мабільны тэлефон у мяне ўвесь час быў уключаны. Старшынёю ж выбралі дырэктара школы, прычым шмат іншых чальцоў камісіі – гэта ягоныя падначаленыя-педагогі», – звярнуў увагу дзеяч.

Яму не дазволілі таксама падпісаць усе чыстыя бюлетэні. «Была працэдура, што кожны бюлетэнь мусіў мець 2 подпісы чальцоў камісіі – гэта мела пацвердзіць іх сапраўднасць пазней. Бюлетэняў было каля 2 тысяч і я хацеў паставіць свой подпіс на кожным з іх, але бюлетэні літаральна вырывалі ў мяне з рук, хавалі ў сейф. Я, магчыма, паспеў падпісаць толькі траціну бюлетэняў. Гэта былі беспардонныя паводзіны», – узгадаў прадстаўнік АГП.

Спадар Барсук тады выказваў сваё абурэнне іншым чальцам камісіі, але не звярнуўся ў вышэйшыя інстанцыі са скаргай, бо асцерагаўся, што яго могуць выключыць з камісіі. «Я разумеў, што калі я буду звяртацца вышэй, то не змагу назіраць за гэтым «цыркам» далей. Але я спадзяваўся, што справа некалі трапіць у суд», – адзначыў берасцеец.

«Не будзеш жа з жанчынамі біцца»

Паводле яго, былі парушэнні таксама пры абклейванні урны да галасавання, да якой таксама не падпусцілі апазіцыянера. Урна ж была абклеена толькі двума стужкамі зверху, ніхто не чапаў ніжняй ды бакавых сценак. «Усе сталі сцяной і сказалі, што дастаткова. Ну, што тут зробіш, не будзеш жа з жанчынамі біцца», – заўважыў чалец АГП.

Калі ж пасля галасавання пачалі лічыць галасы, то амаль 100 % бюлетэняў з датэрміновага галасавання былі за Аляксандра Лукашэнку. З выязнога галасавання толькі некалькі бюлетэняў былі не за дзейснага кіраўніка краіны. «Можна меркаваць, што вынікі датэрміновага галасавання былі нейкім чынам падтасаваныя, бо няўжо яны маглі б гэтак істотна розніцца ад вынікаў у асноўны дзень», – сказаў дзеяч.

Падлікі апазіцыянера і рэшты камісіі не супадалі

У падліку галасоў з асноўнага дня ўдзельнічалі 5 ці 6 чалавек, у тым ліку сам Ігар Барсук. «Кожны браў частку бюлетэняў і лічыў. Я фіксаваў вынікі кожнай часткі бюлетэняў, узятай чальцамі камісіі. Ад кожнага з іх я атрымаў і занатаваў лічбу галасоў, аддадзеных за кожнага з кандыдатаў», – прыгадаў былы чалец камісіі.

У двух метрах ад стала падліку стаяў стол, пры якім сядзелі старшыня камісіі, ягоная намесніца і сакратар камісіі. Каб скласці вынікі падліку, чалавеку з вышэйшай адукацыяй не трэба шмат часу, заўважыў берасцеец, але лічэнне зацягвалася. Старшыня камісіі ў гэты час уставаў, прахаджваўся, нешта ўказваў пальцам сваёй намесніцы і сакратару, ажно іншыя чальцы камісіі пачалі абурацца: чаму гэтак доўга падлічваюць вынікі?

«Тады ўрэшце абʼявілі сумарную колькасць галасоў за паасобных кандыдатаў, але гэта не сыходзілася з маймі падлікамі. Розніца ў маіх ды іхных падліках была прыкладна ў 100 галасоў, прычым тых, хто прагаласаваў, было каля 1 тыс. Гэта азначае, што каля 10 % галасоў было ўкрадзена на карысць Аляксандра Лукашэнкі ў асноўны дзень галасавання на вачах камісіі», – распавёў Ігар Барсук.

Дзеяч сцвердзіў, што агучаныя лічбы – няслушныя, ды запатрабаваў пераправеркі. Узнікла замяшанне, а назіральнікі ад БРСМ пачалі крычыць: «Там усё правільна, там усё добра». Хоць бюлетэні былі ўжо складзеныя і апячатаныя, іх усё ж пералічылі і сапраўды пацвердзілася, што Аляксандру Лукашэнку прыпісалі 10 % незаслужаных галасоў ад іншых кандыдатаў.

«Калі ўсё высветлілася, то я дэталёва прапісаў у пратаколе «асаблівае меркаванне» наконт працы камісіі ад самага пачатку да апошняга дня. Я падпісаўся пад 5 пратаколамі і ўсюды пазначыў, што маю асаблівае меркаванне, у якім апісаў усе абставіны фальсіфікацыі. Маё асаблівае меркаванне было ўнесенае ў журнал. Што далей зрабілі з асаблівым меркаваннем, пратаколамі і журналам – невядома. Праўда, у адным з 5 пратаколаў насупраць майго прозвішча нехта паставіў нейкае дзіўнае «Б з хвосцікам» – нібыта нечы подпіс, магчыма, наследаванне майго, але не магу сцвярджаць, што гэта было фальшаванне», – заўважыў прадстаўнік АГП.

«Фальшаванне вынікаў адбылося праз рабалепства»

Паводле былога чальца камісіі, у асноўны дзень галасавання Лукашэнка і без фальсіфікацыяў набраў крыху больш за 50 %. Гэта вынік магутнага адміністрацыйнага рэсурсу і жорсткай прапаганды, упэўнены спадар Барсук. Сума галасоў за ўсіх апазіцыйных кандыдатаў была параўнальная з колькасцю бюлетэняў за Лукашэнку. Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў аказаліся ў тройцы лідараў сярод альтэрнатыўных кандыдатаў. Кожныя з іх набраў прыкладна 9-8 %. Фальшаванне вынікаў адбылося толькі праз рабалепскую паставу чальцоў камісіі з дзяржаўных установаў, мяркуе спадар Барсук. «Яны, відаць, спрабавалі палегчыць працу тэрытарыяльнай камісіі, дзе можна напісаць усё, што заўгодна. Але калі на вачах участковай камісіі рабілі «цёмныя справы», то на вышэйшым узроўні – тым больш», – адзначыў прадстаўнік АГП.

На ягоную думку, Лукашэнку было таксама важна атрымаць вялікі працэнт галасоў, каб давесці іншым, што ён яшчэ шмат каму патрэбны.

«Даводзіць справу да канца трэба ўсім разам»

Спадар Барсук, аднак, не заняўся тады, каб справа заўважаных фальфікацыяў набыла розгалас. «Я не надаў справе ходу, хоць я нічога не баюся. Я не атрымаў падтрымання ад сваёй партыі. Хоць я паінфармаваў чальцоў, ніхто не перазваніў да мяне, не перапытаў. Мае памочнікі з партыі некуды зʼехалі тады. Калі ж даводзіць справу да канца, то трэба быць усім разам», – заўважыў берасцеец.

Пасля выбараў, Плошчы-2010 і дэвальвацыі Ігар Барсук звольніўся з «Брэстрайбытсервісу», дзе працаваў галоўным інжынерам, ды паехаў на заробкі ў Расею. Калі эканамічнае становішча там таксама пагоршылася, ён пераехаў у Польшчу, дзе працуе ў будаўнічай сферы. Кожныя выходныя ён ездзіць з Варшавы ў Берасце да сямʼі.

«Як грамадзянін я лічу сваім абавязкам удзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці. Я ведаю, што адбываецца ў краіне, я шмат чытаю, я маю дзве адукацыі – будаўніка і эканаміста. Мая галава дазваляе мне разумець усё, што мы бачым», – падкрэсліў берасцеец.

Намесніца старшыні камісіі: Я працавала сумленна

Дырэктар школы № 24 у Берасці Уладзімір Вашчула, які быў старшынёй камісіі ў 2010 годзе, ужо на пенсіі. Але Belsat.eu звярнуўся па каментар да намесніцы дырэктара школы № 24 па вучэбнай працы Ганны Сазонавай, якая была намесніцай старшыні ўчастковай камісіі ў 2010 годзе.

«Шчыра кажучы, я не памятаю такога моманту, – заўважыла спадарыня Сазонава. – Прайшло блізу 6 гадоў. Я не магу так адразу абмяркоўваць пытанне гэткай даўніны. Калі Ігар Барсук напісаў заўвагу, то мы мусілі неяк рэагаваць, заўвага проста так не магла прайсці незаўважанай. Мы мусілі даць адказ. Але тут такая справа, што галасы мы лічым на месцы. Ён (Ігар Барсук – рэд.) быў разам з намі. У нас была ўся камісія, мы ўсе лічылі бюлетэні. Не магло так быць, што кожны з нас асобна лічыў і ў нас не згаджаліся вынікі. Калі былі прэтэнзіі, трэба было вырашаць і разбірацца на месцы».

Ганна Сазонава адзначыла, што працавала сумленна. «Заўсёды ў нас прысутнічаюць назіральнікі – яны бачаць тыя ж бюлетэні. Такога, каб няправільна палічылі бюлетэні, не магло быць».

Сёлета Ганна Сазонава будзе выконваць функцыі сакратара ва ўчастковай выбарчай камісіі № 28 у Берасці.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў