Сябар беларуса, якога затрымалі пасля страляніны ў офісе «Reuters»: Гэта недарэчнасць, ён напэўна не хацеў нікому шкоды


Сцяпана С. затрымалі пасля інцыдэнту ў офісе «Thomson Reuters» (кампанія-уласнік інфармацыйнага агенцтва «Reuters»), дзе беларус працаваў апошнія 5-6 гадоў.

Дагэтуль не агучаная афіцыйная версія следства. Паводле абласной паліцыі Гданську, справу перададуць у акруговую пракуратуру. Пакуль што агучваліся розныя неафіцыйныя версіі здарэння.

Мы паразмаўлялі з сябрам Сцяпана Яўгенам, з якім яны вядомыя ўжо амаль адзінаццаць гадоў. Ён апісвае Сцяпана як добрага і сумленнага хлопца.

«Сяброў у яго заўсёды было шмат, можа па характару крыху і інтраверт, але ўсе яго любяць».

Сцяпан вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, быў грамадскім актывістам яшчэ з часоў Гарадзеншчыны, распавядае Яўген.

«Браў удзел у пратэстах 2006-ага, там мы, бадай, і пазнаёміліся. За пратэсты яго выключылі, і мы пасля разам паехалі на праграму Каліноўскага».

З сацыяльных сетак вядома, што Сцяпан удзельнічаў у спаборніцтвах па стральбе GCS і перамагаў. У яго было некалькі адзінак зброі. Сябра распавядае пра яго зацікаўленасць зброяй.

«Ён цікавіўся зброяй, колькі сябе ведаю, заўсёды найлепей разбіраўся ў розных мадэлях, у тым ліку гістарычных. Сапраўды быў зацяты ў гэтым хобі».

Яўген упэўнены, што гэта недарэчнасць і ён напэўна не хацеў нікому шкоды.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём падзеяў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў