Святлана Ціханоўская: Беларусі не патрэбная Саюзная дзяржава


Кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская выказалася ў інтэрв’ю «Медузе» пра стасункі Беларусі і Расеі.

Ціханоўская адзначыла ў інтэрв’ю, што Лукашэнка прымае рашэнні аднаасобна і робіць усё для захавання асабістай улады. «І дзеля сваёй улады ён прадасць усё, уключаючы незалежнасць краіны», – дадала яна.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

У адказ на пытанне «Медузы» пра сваё стаўленне да ідэі Саюзнай дзяржавы, Ціханоўская заявіла:

«Я лічу, што Беларусі не патрэбная Саюзная дзяржава. Беларусь павінна быць незалежнай самастойнай дзяржавай. Нам патрэбныя звычайныя міждзяржаўныя сувязі, ніякіх дадатковых дамоваў не трэба. Тады не ўзнікае і лішніх спакусаў кагосьці кудысьці далучаць. Мы і так сябруем, у нас мноства сувязяў – сяброўскіх, роднасных. Вядома, стасункі павінны быць добрымі, трэба працягваць развіваць эканамічныя сувязі. Але ўсё гэта павінна быць на роўных, у інтарэсах абедзвюх краінаў.

Незалежнасць – наша абсалютная каштоўнасць, мы яе не прадаем, мы ёю не гандлюем, мы нават не абмяркоўваем гэтае пытанне. Мы мірныя людзі і будзем сябраваць з усімі, але толькі ў інтарэсах уласнай краіны. Мы павінны стварыць партнёрства на роўных, а не залежнасць ад газавай або крэдытнай «іголкі».

Зразумела, што Расея – наш сусед, а гэта азначае, што нам патрэбныя добрыя стасункі. Таму мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб Расея была дэмакратычным цывілізаваным дзяржавай».

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомлі.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Ціханоўскай таксама задалі пытанне наконт праблемы Крыму і Данбасу, аднак ад наўпростага адказу яна ўхілілася, патлумачыўшы гэта нежаданнем расколваць грамадства.

«Я разумею, што пытанне пра Крым расколвае грамадства. А мне не хацелася б неасцярожным словамі кагосьці адштурхнуць. Тым больш што я не палітык, сваёй галоўнай мэтай я бачу аб’яднанне ўсіх сілаў для вырашэння галоўнай задачы – змены ўлады і правядзення сумленных выбараў. Вось на іх ужо змогуць вылучыцца палітыкі, у якіх будуць выразна пэўныя погляды, праграмы. І на сумленных, свабодных, абсалютна празрыстых выбарах беларусы змогуць выбраць сабе новага кіраўніка краіны», – заявіла кандыдатка.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомлі.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Таксама яна ўхілілася ад адказу пытанне аб моўнай палітыцы.

«Я пакінула б ягонае рашэнне новаму парламенту, абранаму на сумленных і справядлівых выбарах. Гэты парламент павінен будзе ўлічыць усе акалічнасці. Але асабіста я – за адраджэнне і развіццё беларускай мовы і культуры. Мы не можам страціць мову нашых продкаў, мова нашага народа», – падкрэсліла яна.

Меркаванні
Феномен Ціханоўскай. Падтрымка ёсць, пытанні засталіся
2020.07.27 14:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў