Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў


У сеціве пасля доўгага перапынку з’явіўся відэазварот Святланы Ціханоўскай. Кандыдат на прэзідэнта заклікала беларусаў бараніць свае правы і спыніць гвалт.

Святлана Ціханоўская запісала новы зварот да беларусаў.

«За апошнія некалькі месяцаў мы зрабілі немагчымае. Яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто не верыў, што беларусы змогуць аб’яднацца і сказаць не старой уладзе. Але гэта адбылося. Мы аб’ядналіся, прыйшлі на ўчасткі і зрабілі свой выбар. Паводле закону, мірна і з годнасцю. Я хачу сказаць дзякуй тым людзям, якія былі побач са мною, маёй камандзе, штабам Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Я хачу сказаць дзякуй кожнаму, хто галасаваў за мяне, за перамены ў краіне. І нас, прыхільнікаў пераменаў, большасць.

І гэта пацвярджаецца дакументамі, копіямі пратаколаў. Там, дзе камісіі лічылі галасы сумленне, мяне падтрымалі ад 60 да 70 %. А ў Новай Баравой нават і 90 %.

Беларусы ніколі больш не захочуць жыць cа старой уладай. У яе перамогу большасць не верыць.

Мы заўсёды казалі пра тое, што абараняць наш выбар неабходна толькі законнымі, негвалтоўнымі спосабамі. А мірны выхад людзей на вуліцы ўлады пераўтварылі ў крывавую бойню. Сітуацыя крытычная.

Я з болем гляджу на тое, што адбываецца ў краіне ў апошнія дні. Для мяне, я перакананая, што і для кожнага з нас, прыхільнікаў пераменаў, чалавечае жыццё – самае каштоўнае. Нам неабходна спыніць гвалт на вуліцах беларускіх гарадоў. Я заклікаю ўлады спыніць гэта і пайсці на дыялог. Я прашу ўсіх мэраў гарадоў 15 і 16 жніўня выступіць арганізатарамі масавых збораў у кожным горадзе.

На вуліцах нашых гарадоў з’яўляецца новая форма мірнай акцыі – ланцугі салідарнасці жанчын з кветкамі. Зусім не ваяўнічыя. Яны дэманструюць усяму свету, што мы адкрытыя, сумленныя людзі і мы супраць гвалту. Я выказваю падзяку супрацоўнікам, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады супраць сваіх грамадзянаў.

Я хачу сказаць дзякуй тым, хто не пабаяўся і ўжо аб’явіў забастоўку. Дзякуй працаўнікам БМЗ, электратэхнічнага заводу, МАЗ, ІТ-кампаніям і іншым калектывам. Давайце разам абаронім наш выбар. Падпішыцеся за тое, што вы галасавалі за мяне, Святлану Ціханоўскую. Не заставайцеся ў баку, нашыя галасы павінныя быць пачутыя».

ВІДЭА
Медыкі ў белым і жанчыны ў чорным. Шосты дзень пратэстаў. ОНЛАЙН
2020.08.14 09:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў