Святлана Ціханоўская завершыла свой візіт у Аўстрыю

Зэбаст’ян Курц і Святлана Ціханоўская

У сталіцы Аўстрыі завяршыўся афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай.

У Вене экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі правяла сустрэчу з канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам. Бакі абмеркавалі спосабы мірнага вырашэння палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне і магчымую ролю Аўстрыі ў гэтым працэсе. Таксама Святлана Ціханоўская выказала падзяку канцлеру за цвёрдую пазіцыю Аўстрыі ў пытаннях непрызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі і ўвядзення персанальных санкцый супраць памагатых рэжыму.

Зэбаст’ян Курц заявіў, што Аўстрыя працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі і санкцыі супраць рэжыму, а таксама будзе весці працу з аўстрыйскімі бізнесамі, якія прадстаўлены ў Беларусі – у тым ліку, і кампаніяй А1.

«У Вене шмат гаварылася пра аўстрыйскія кампаніі, у прыватнасці A1 Austria Telecom, Raiffeisenbank, Kronospan і Kapsch. Аўстрыйскі ўрад ня можа загадваць бізнесу, але зробіць усё магчымае, каб аўстрыйскія кампаніі не спрыялі рэжыму. Гаворка ішла пра фінансавую празрыстасць, пра часовае замарожванне супрацы з асобнымі кампаніямі, набліжанымі да Лукашэнкі. Самае балючае – гэта А1 Беларусь. Кампанія – практычна закладнік лукашэнкаўскаму рэжыму і вымушана адключае інтэрнэт па выходных», – паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі прэзідэнта Аляксандра Ван дэр Бэлена, парламентарыямі.

Апроч таго, яна правяла сустрэчу з прадстаўнікамі АБСЕ – як раз пасля прэзентацыі дакладу Пастаяннай рады АБРЕ аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў круглым стале, ініцыяваным арганізацыяй ICEUR, аб арганізацыі перамоваў у Беларусі і дапамогі пратэстоўцам.

Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала на сустрэчы з дыяспарай у Вене. Скрын

Палітык таксама паўдзельнічала ў мірным мітынгу беларускай дыяспары ў цэнтры Вены.

«Памятайце, толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця», – заявіла яна.

Святлана Ціханоўская заклікала прысутных да салідарнасці і падтрымкі.

МГ belsat.eu

Hавiны