Святлана Ціханоўская: «Я не высыпаюся». Патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва пра падзеі апошніх дзён


Святлана Ціханоўская. Фота прадстаўленае прэс-службай

З пятніцы Святлана Ціханоўская не ведала, дзе ейны муж і кіраўнік ініцыятыўна групы Сяргей Ціханоўскі. Цяпер вядома, што ён у ізалятары на Акрэсціна.

«Я не высыпаюся абсалютна. Перабываю ў каматозным становішчы перманентна. Гэта праз тое, што ўвесь час была ў няведанні. Цяпер хоць ведаю, дзе Сяргей, таму я трошачкі супакойваюся», – падзялілася Святлана Ціханоўская.У размове з belsat.eu жанчына паведаміла, што афіцыйнай інфармацыі пра месцазнаходжанне мужа ад міліцыі яна дасюль не атрымала:

«Мне дагэтуль афіцыйна ніхто не паведаміў, дзе мой муж. Але я ведаю, што ён на Акрэсціна ў ізалятары часовага ўтрымання. Душэўна стала спакайней, бо цяпер магу і перадачы яму вазіць. Я ж яшчэ напісала заяву на ягоны вышук. Зноў жа, мне ніхто ніякай інфармацыі з упаўнаважаных органаў не даў».

Цяпер Святлана адчувае сябе ўсё больш спакойна: «Я з дзеткамі ўдома. Яны з мужам – самае галоўнае для мяне. Мужа пакуль няма, а дзеці засталіся. Часу на іх хапае, я ніколі не буду ахвяраваць інтарэсамі дзяцей. Як мама я павінна з імі пабыць, пагуляць. Паступова нейкія іншыя справы развязваюцца. З дачкою на руках магу пісаць нешта. Даю рады, але цяжка, безумоўна».

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Святлана Ціханоўская адчувае падтрыманне людзей. Сёння жанчына каля ізалятару сустрэла аднадумца:

«Грамадзяне, якія не ў нашай ініцыятыўнай групе, якіх я не ведала раней, не звязваюцца. Але я ўсё роўна адчуваю падтрыманне, бо ёсць чаты, якія перыядычна чытаю. Я адчуваю гэтую падтрымку. Сёння, калі перадачу перадавала, акурат мужчына, якога я зусім не ведаю, перада мною таксама перадаваў Сяргею перадачу. Перада мною паспеў. Гэта, безумоўна, вельмі прыемна, што людзі падумалі, каб пад’ехаць перадаць нешта. Каб Сяргей нават там адчуваў, што яго падтрымліваюць, не толькі я».

Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Горадні 29 траўня падчас пікету, дзе збіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Hавiны
Святлана Ціханоўская апублікавала адкрыты ліст у сувязі з падзеямі ў Горадні
2020.06.01 08:20

ДЗ belsat.eu

Стужка навінаў