Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова і Павал Латушка выступілі ў Еўрапарламенце


Сябры Каардынацыйнай рады Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова і Павел Латушка выступілі на паседжанні Еўрапарламенту па міжнародных справах. У сваіх выступах яны распавялі пра неабходнасць дыялогу дзеля мірнай перадачы ўлады.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што краіны ЕЗ не павінныя прызнаваць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яе словаў, выбары сфальсіфікавалі. Ціханоўская таксма перадала палітыкам з ЕЗ спіс асобаў, якія вінаватыя ў парушэннях закону.

​«Я падрыхтавала спіс людзей, якія ўдзельнічалі ў жорсткім падаўленні (пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі). Санкцыі да іх могуць быць ужытыя ў адпаведнасці з еўрапейскім актам Магніцкага», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Вольга Кавалькова таксама заклікала краіны ЕЗ увесці санкцыі супраць асобаў, якія вінаватыя ў фальшаванні выбараў і прычасныя да гвалту і катаванняў беларусаў. Акрамя таго, яна сказала, што беларускі народ не прыме Канстытуцыйную рэформу, пра якую цяпер распавядае Лукашэнка і над чым настойвае Крэмль.

«Для яе правядзення былы прэзідэнт мусіць пайсці ў адстаўку. Лукашэнка проста не здольны да дыялогу са сваім народам», – выказала меркаванне Вольга Кавалькова.

Падобным чынам лічыць і Павел Латушка.

«Але нельга сысці ў бок бясконцых дыскусіяў аб Канстытуцыйных рэформах. Гэта ўсё спроба забалбатаць сітуацыю. Толькі адзін прыклад. Перад выбарамі Лукашэнка абяцаў правесці ў Берасці мясцовы рэферэндум па пытанні ўводу ў эксплуатацыю шкоднай акумулятарнай вытворчасці. У цэнтры гораду. Людзі паверылі і супакоіліся. Рэферэндуму дагэтуль няма, а завод валявым рашэннем хочуць увесці ў строй з 1 кастрычніка 2020», – сказаў у сваім выступе Павел Латушка.

Акрамя таго дыпламат распавёў пра катаванні і пераслед грамадзянаў Беларусі і заклікаў ЕЗ да салідарнасці з ахвярамі рэпрэсіяў.

Hавiны
Народ – чэмпіён. Марш справядлівасці ў Менску заблытаў сілавікоў
2020.09.20 23:34

СК belsat.eu

Стужка навінаў