Святлана Ціханоўская: «У СІЗА Сяргей чытае па кніжцы на дзень»


Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Другі месяц за кратамі знаходзіцца папулярны блогер, аўтар каналу «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі. Ягоная жонка – патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская распавяла пра цяперашні стан палітвязня ў СІЗА, ягоныя патрэбы і свае планы на бліжэйшы час.

У менскім СІЗА №1 Сяргея Ціханоўскага трымаюць згодна з абвінавачаннямі адразу паводле двух артыкулаў КК: 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 191 («перашкода выбарам»). Прычым апошнюю справу ініцыявала асабіста старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына праз тое, што блогер нібыта ёй пагражаў. Напярэдадні яна дала паказанні ў Следчым камітэце ў статусе пацярпелай.

ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі да затрымання. Фота «Белсат»

Ціханоўскага падтрымлівае не толькі ягоная жонка, але шмат аднадумцаў. Паводле Святланы, сярод іх не знаёмыя асабіста людзі.

«У бліжэйшыя дні я перадачу не панясу, бо ў гэтым месяцы яму занеслі ўжо 12 кілаграмаў. Іх жа можа хто заўгодна перадаваць – калі я не магу сама, то нясуць іншыя людзі. У чэрвені выбралі ліміт у 30 кілаграмаў.

Сяргей просіць садавіну, гародніну, нешта кшталту сухой каўбасы, але ніякіх слодычаў перадаваць не трэба. Важна выбарачна падыходзіць да гэтага, каб укласціся ў дазволеную вагу перадачы. Галоўнае, каб была садавіна і мяса», – тлумачыць жонка палітвязня.

Адначасова з крымінальным пераследам Ціханоўскага судзяць паводле адміністратыўных пратаколаў, складзеных раней, падчас ягоных паездак па Беларусі. 1 ліпеня суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў яму 15 содняў арышту за «непадпарадкаванне міліцыі» (арт. 23.4 КаАП). Паседжанне праходзіла праз відэасувязь. Тады прысутныя заўважылі, што Сяргей моцна схуднеў за гэты час.

«Я не бачыла мужа ніводнага разу пасля затрымання. У Горадню я не паехала, бо раней была на судзе над ім у Гомлі, і там экран быў павернуты да суддзі, нам яго не паказалі. Думала, у Горадні будзе тое ж самае», – кажа Святлана.

Суд над Ціханоўскім 1 ліпеня ў Горадні. Фота «Белсат»

Паводле чарговага пратаколу Сяргея будуць судзіць у чацвер, 9 ліпеня. Паседжанне адбудзецца ў судзе Маскоўскага раёну Менску а 10.30. Святлана плануе прысутнічаць.

«Сяргею і ўсім палітвязням вельмі важная падтрымка»

Паводле яе, скаргаў на стан здароўя ў Сяргея цяпер няма, ён адчувае сябе збольшага нармальна. Святлана кажа, што муж вельмі цешыцца, калі атрымлівае лісты, а пішуць яму вельмі шмат.

«Толькі ёсць адна просьба да тых, хто іх піша: укладайце, калі ласка, яшчэ адзін канверт, каб ён мог даслаць адказ у ім. Я яму шмат перадаю канвертаў, але іх усцяж не хапае. Акрамя таго, ёсць функцыя на сайце «Белпошты» – там можна напісаць электронны ліст, а яны самі перададуць яго па адрасе. Я сама за ўвесь час атрымала толькі адзін ліст ад мужа, які быў напісаны 3 чэрвеня, але да мяне дайшоў толькі 18-га. Думаю, цяпер затрымкі з лістамі будуць меншыя праз адпаведную скаргу адваката.

Заняцца асабліва няма чым, таму Сяргей або адказвае на лісты, або чытае. Дарэчы, ён цяпер чытае па кніжцы на дзень, пералапачвае ўсю бібліятэку там», – распавядае Святлана.

Пікет Святланы Ціханоўскай.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Што да выбарчай кампаніі самой Ціханоўскай, то цяпер яна чакае рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Амаль уся ейная каманда прайшла праз той ці іншы від пераследу з боку ўладаў: крымінальныя справы, «содні», штрафы, затрыманні.

«Нас падтрымлівае вельмі шмат беларусаў – вось нашая сіла. Тое, што касцяк сядзіць… Знойдзем выхад і з гэтай сітуацыі. А Сяргею і ўсім палітвязням вельмі важная падтрымка, яны ўсе вельмі чакаюць вестачкі з волі», – дадае яна.

Святлана Ціханоўская таксама адзначыла, што кантактуе са сваякамі іншых зняволеных па «справе Ціханоўскага» – яны дапамагаюць адзін аднаму і гутараць «па душах».

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткаю ў прэзідэнты. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка масавых беспарадкаў») і арт. 191 КК («перашкода выбарам»). Разам з Ціханоўскім затрымалі яшчэ 9 ягоных паплечнікаў, дваіх з іх – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – вінавацяць паводле арт. 364 КК («гвалт у дачыненні да працаўніка праваахоўных органаў»).

На сённяшні дзень у Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, усяго 21 палітвязень. З іх 15, імаверна, праходзяць па «справе Ціханоўскага». Гэта Уладзімір Навумік, Васіль Баброўскі, Андрэй Новікаў, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Вяргілій Ушак, Зміцер Фурманаў, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Ігар Лосік, Мікалай Статкевіч, Зміцер Казлоў. Сярод затрыманых як мінімум шасцёра папулярных блогераў.

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / «Белсат»

Святлана Ціханоўская – патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты на сёлетніх выбарах. Нягледзячы на пагрозы і ціск на ейную ініцыятыўную групу, яна вырашыла працягваць кампанію.

КА belsat.eu

Стужка навінаў