«Я стрымаю абяцанні». Святлана Ціханоўская на шматтысячным мітынгу ў Гомлі. ВІДЭА


Кандыдатка на прэзідэнцтва наведвае трэці горад за дзень з агітацыйнымі пікетамі.

Святляна Ціханоўская, кандыдатка на прэзідэнцтва, разам з прадстаўніцамі аб’яднанага штабу Веранікай Цапкала і Марыяй Калеснікавай наведваюць Гомель. Пікет пачнецца а 20:00 на пляцоўцы перад уваходам у «Цэнтр інклюзіўнай культуры» (вул. Юбілейная, 48). Гэта трэці горад, які наведвае Святлана разам з паплечніцамі. Дагэтуль з агітацыйнымі пікетамі яны былі ў Жлобіне і Рэчыцы.

«Ні ў якім разе не паддавайцеся на правакацыі. Я бачу сярод вас шмат прыгожых і моцных мужчынаў. Калі вы пабачыце нейкую правакацыю, калі ласка, прайдзіце міма», – гучаць словы са сцэны ад прадстаўніка аб’яднанага штабу.

Фота: Belsat.eu

На разагрэве са сцэны выступае беларускі гурт Akute.

«Света! Света!» – скандуе натоўп.

Фота: Belsat.eu

Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава падымаюцца на сцэну. Візуальна на пляцоўцы сабралася каля 3 тысячаў чалавек.

«Верым, можам, пераможам!» – скандуе натоўп.

Фота: Belsat.eu

«Прывітанне, родны горад Сяргея Ціханоўскага, – пачала прамову Святлана Ціханоўская. І яе перабіў у мегафон адзін з удзельнікаў пікету. Што праўда, да яго адразу падышлі ахоўнікі. – Менавіта тут пачалася гісторыя Сяргея і Святланы Ціханоўскіх».

Справа ў тым, што Гомель – родны горад Сяргея Ціханоўскага.

Фота: Belsat.eu

Не ўсе людзі могуць змясціцца на пляцоўцы, людзей вельмі багата.

Святлана распавядае, як і на мінулых пікетах, пра тое, што яна пайшла балатавацца на выбары замест Сяргея.

«Мне шмат казалі, што не кожная жонка так зробіць», – кажа Святлана.

Са сцэны падчас прамоваў працуе сурдаперакладчыца.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu
У Гомлі перад пікетам былі аўтамабільныя коркі. Людзі ехалі, ішлі на пікет Святланы Ціханоўскай.
Фота: Belsat.eu

– Дачка ў мяне маленькая, сыну я сказала, што тата ў камандзіроўцы. Мы яго чакаем, мы яму пішам лісты, – кажа Ціханоўская.

– Чаму не распавесці дзецям? – запытаў хтосьці з натоўпу.

– Шкада іх. Але ён паглядзеў на YouTube мой выступ і напісаў мне. Гэтыя словы перавярнулі маё жыццё. Я вам зачытаю іх: «Мама, як справы? Мне страшна за цябе».

Фота: Belsat.eu

Святлана кажа, што хоча жыць у краіне, дзе не страшна жыць і хадзіць.

«Улады не ўлічылі таго, што за кожным моцным мужчынам стаіць такая ж моцная жанчына», – кажа Ціханоўская. Яна нагадала, што ЦВК не ўлічыў подпісы, сабраныя Валерам Цапкалам і Віктарам Бабарыкам.

«Я не палітык. Я хачу мець сям’ю і зноў смажыць катлеты», – кажа Ціханоўская. Яна нагадала, што за яе трэба галасаваць, каб потым пераназначыць выбары і каб тыя, хто сядзіць за кратамі (Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сяргей Ціханоўскі) змаглі балатавацца на сумленных выбарах, якія назначаць праз паўгода пасля таго, як Святлана пераможа.

– Святлана, мабыць, вы будзеце нашым прэзідэнтам?

– Не, не, дарагія, я не палітык, – усміхаецца кандыдатка. – Але вы зможаце прагаласаваць на сумленных і цалкам крыштальных выбарах. Я выканаю сваю місію і ціха сыду ў старонку. А Беларуссю будзе кіраваць новы, дастойны прэзідэнт.

Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Марыя Калеснікава распавяла пра тое, што не трэба баяцца АМАПу і аўтазакаў, бо гэта ўсяго толькі людзі і машына. Яна нагадала, што трэба галасаваць толькі ў дзень выбараў, бо падчас датэрміновага галасавання шмат фальсіфікацыяў.

Прыкладна праз 15 хвілінаў пасля пачатку выступу Марыі, хтосьці крыкнуў з натоўпу, што чалавеку стала блага. Вельмі хутка валанцёры вывелі чалавека з натоўпу, перадалі вады, знайшоўся лекар. Марыя таксама папрасіла перадаць салодкае за сцэну, калі ў каго ёсць з сабой.

ВЯ Belsat.eu

Стужка навінаў