Святлана Ціханоўская пра санкцыі ЕЗ супраць Лукашэнкі: Гэта несур’ёзна


Новы, трэці пакет санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі меў быць удвая большым. Пасля доўгіх кансультацыяў дзяржаваў – чальцоў Еўразвязу і няспыннае працы Каардынацыйнай рады і Святланы Ціханоўскай – у ім 29 дзевяць асобаў і 7 арганізацыяў. Хто скараціў спіс, і ці можа Брусель наагул дазволіць сабе рэальны эканамічны ўдар па афіцыйным Менску?

Еўрапарламент гэтымі днямі амаль пусты. Брусель застаецца ў рэжыме каранціну, большасць сустрэчаў праводзіцца онлайн, і сэрца аб’яднанай Еўропы адкрылася адмыслова для Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў. Прэмія Сахарава – момант прыемны, але чаканы і ўсім вядомы. Паседжанне ў сераду было важным экзаменам для беларускай апазіцыі ды ацэнкай намаганняў дзеля пакарання беларускага рэжыму за дзяржаўны тэрор. Калі коратка, лабісты больш жорсткага адказу афіцыйнаму Менску – расчараваныя.

Каментуе Пятрас Аўштравічус, спецыяльны дакладчык Еўрапарламенту ў справах Беларусі:

«Ведаеце, гледзячы на гэтыя вынікі, я не задаволены. Бо 29 дадатковых асобаў і 7 кампаніяў, ці юрасобаў, – не дастаткова, каб наш адказ быў прапарцыйны, ацэньваючы сітуацыю. Не дасягнулі таго, што мусіла быць зроблена».

У спісе самыя вядомыя асобы – тыя, хто дакладна звязаны і з фінансамі Лукашэнкі, і адказны за злачынствы беларускага рэжыму. Нават пакаранне гэтых, шмат для каго відавочных фігураў, – неверагодна доўгі ды цяжкі працэс.

Распавядае Наталля Каляда, кіраўніца «Creative Politics Hub», лабістка санкцыяў:

«Асноўная праца – гэта прадʼяўленне доказаў парушэння правоў чалавека Лукашэнкам, рэжымам і тымі, хто яго фінансуе. Дзеля таго, каб гэтыя санкцыі ўвялі, неабходныя вялізарныя пакеты доказаў супраць гэтых асобаў».

Hавiны
Еўразвяз супраць Лукашэнкі. Ці прынялі новы чорны спіс?
2020.12.12 08:32

Без абсалютнай упэўненасці ў тым, што менавіта гэтыя асобы і арганізацыі фінансуюць рэжым, або датычныя да ягоных злачынстваў, – ніякі вонкавы ціск немагчымы. Натуральна, сама Святлана Ціханоўская таксама не хавае пэўнага расчаравання.

Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычнай апазіцыі:

«У нас у краіне эскалацыя гвалту. Людзей кідаюць за краты, катуюць. Людзі пачуваюцца небяспечна ў сваіх дамах і сваіх дварах. Небяспечна выходзіць. Хутка зробіцца небяспечна дыхаць. Таму мы настойваем на наступным пакеце санкцыяў, бо гэтыя – гэта нават не сурʼёзна».

Пакуль Ціханоўская і Каардынацыйная рада гучна кажуць пра неабходнасць дапамагчы беларускаму грамадству і ціснуць на ўлады, – на супрацьлеглым баку ідзе іншая, ціхая і, як бачым, – таксама эфектыўная праца. Лабісты Лукашэнкі не дарма ядуць свой хлеб і найбольш удала працуюць з Латвіяй і Нямеччынай.

Наталля Каляда:

«Латвія вам, напрыклад, скажа: у нас бізнес спыніцца. Нямеччына скажа: і ў нас бізнес спыніцца, бо мы маем старыя дачыненні з расейскім бізнесам, які таксама фінансуе Лукашэнку».

У гэтыя хвіліны беларускі рэжым фінансуюць і мільёны беларускіх грамадзянаў, што плацяць падаткі, купляюць прадукцыю дзяржаўных прадпрыемстваў і не далучаюцца да санкцыяў. Абвешчаны Святланай Ціханоўскай агульнанацыянальны страйк дэ-факта не адбыўся. Але гэта гульня доўгая, і перспектывы ва ўладаў – далёка не прыемныя.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Еўрапарламент у сваіх дакументах параіў, каб Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і некаторыя іншыя інстытуцыі не супрацоўнічалі з уладамі Беларусі. Ну, а інвестары – яны самі бачаць, што калі палітычная нестабільнасць, то ўкладаць сюды грошы – гіблая рэч».

Дык што мог зрабіць Брусель? Дыктатура ў Беларусі – не навіна, і Еўропа жыве побач з ёй ужо чвэрць стагоддзя. Ці адключаць сістэму міжнародных плацяжоў SWIFT, як патрабуе частка апазіцыі? Тады Беларусь можа перайсці на расейскі аналаг. А што акрамя візавых абмежаванняў і кропкавага замарожвання актываў?

Валер Карбалевіч, палітычны каментатар:

«Сектаральныя санкцыі – абмежаванні для цэлых сектараў эканомікі – купляць прадукцыю. Але гэта быў бы балючы ўдар і па беларускім грамадстве, і па простых людзях».

Hавiны
Вельмі важна, каб Захад зразумеў беларускі нацыянальны рух. Інтэрв’ю з былым амбасадарам у Нямеччыне
2020.12.12 16:05

Прыхільнікі гэтак званай рэальнай палітыкі звяртаюць увагу на тое, што Беларусь – не Расея. А нават супраць краіны-агрэсара рашэнне аб сектаральных санкцыях выпрацоўвалася доўгія месяцы. Афіцыйны Менск нікому з суседзяў не пагражае, колькасць ахвяраў не перавысіла і дзясятка – існуе процьма нашмат больш праблемных і небяспечных для цывілізаванага свету краінаў. Але тое, што прымаюцца нават такія, здавалася б, сціплыя санкцыі, азначае, што прагматычны падыход саступае.

Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах:

«Так, можна казаць, што на сёння ў Беларусі няма грамадзянскае вайны, але тое, што ўзровень рэпрэсіяў, які мы назіраем апошнія чатыры месяцы ў Беларусі, – ён беспрэцэдэнтны, і ён пачынае ствараць пагрозу для рэгіянальнай стабільнасці. Шмат людзей ужо пакінулі тэрыторыю Беларусі, і тое, што адбываецца ў Беларусі, – кваліфікуецца як масавыя рэпрэсіі».

У Еўропе разумеюць, што незадаволенасць Лукашэнкам нікуды не падзелася. Што пасля сканчэння антыковідных памежных абмежаванняў – хваля ўцекачоў толькі павялічыцца. Але перабольшыць з ціскам на беларускі рэжым Брусель вельмі не хоча.

Аляксандр Класкоўскі:

«У еўрапейскіх палітыкаў ёсць меркаванне, што калі занадта націснуць, то можна выціснуць Беларусь у Расею, таму добра і так, што Еўропа трымае ў полі зроку беларускае пытанне. Але безумоўна, што будучыню Беларусі будуць вырашаць самі беларусы».

Як вынік, слабейшыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі – гэта нават не параза ў вайне, а меншая, спадзяваліся, перамога дэмакратычных сілаў. Лукашэнка захоўвае ўладу ў Беларусі праз дручкі АМАПу. Але хто гэта прызнае? Святлана Ціханоўская сустракалася на афіцыйным узроўні з 21 кіраўніком замежных дзяржаваў. І атрымала запрашэнне ў Злучаныя Штаты. А Лукашэнка пасля выбараў? Пабачыўся праз Скайп толькі з калегамі ў АДКБ і ЕАЭС, ды папрасіў дапамогі ў Пуціна.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў