Святлана Ціханоўская і яе каманда распавялі, што будзе з МУС і хто можа стаць пасярэднікам у перамовах з рэжымам


TUT.BY пагаварыў са Святланай Ціханоўскай, яе старэйшым палітычным дарадцам Аляксандрам Дабравольскім і дарадцам па міжнародных пытаннях Франакам Вячоркам. Яны распавялі, што будзе з Міністэрствам унутраных справаў пасля народнай перамогі і каго яны бачаць пасярэднікам на перамовах паміж рэжымам і народам.

– Усе гэтыя злачынцы з сістэмы павінны будуць паўстаць перад судом. Думаю, МУС стане пасля арганізацыі сумленных выбараў адной з найважнейшых тэмаў перамоў: хто застанецца ў міністэрстве, хто – не, – сказала Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская паабяцала гарантыі сілавікам, што пяройдуць на бок народу.

– Украіна, напрыклад, праходзіла праз падобную праблему, і ім трэба было цалкам рэфармаваць МУС, цалкам пазбавіцца ад асабістага складу, таму што там не было сумленных супрацоўнікаў. Нам жа трэба будзе ацаніць, колькі сумленных супрацоўнікаў засталося працаваць, і калі такая ацэнка будзе зроблена, будзе прынятае рашэнне, хто застанецца, а хто павінен сысці, – дадаў Франак Вячорка.

Святлана Ціханоўская прапанавала скарыстацца магчымасцямі Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў і паведамляць пра злачынствы службовых асобаў і нават свае асабістыя. У кнізе ўжо ёсць дадзеныя па тых, хто фальшаваў выбары, – каля 20 тысяч чалавек. Ужо некалькі сотняў чалавек звярталіся да стваральнікаў кнігі, там хутка пачнуцца праверкі атрыманых дадзеных. Займацца гэтым будзе BYPOL – каманда прафесійных следчых, пракурораў, якія працуюць у Варшаве, і яны будуць выдаваць ужо правераныя матэрыялы.

Адказваючы на пытанне пра дыялог, Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што будучыя перамовы не стануць перамовамі апазіцыі і Лукашэнкам ці яго прадстаўнікоў, патрэбны трэці бок, «каб гэта было сумленна, каб было зразумела, што ніхто ў таемныя гульні не гуляе».

Каманда Ціханоўскай лічыць, што на перамовах адназначна павінен быць прадстаўлены бок народау – тыя, хто выходзіць на вуліцы, сядзіць у турмах, трапляе пад дубінкі, вымушаны з’ехаць за мяжу, і другі бок – рэжым.

– Мы гаворым рэжым, таму што ён зараз выглядае маналітам, выглядае так, быццам Лукашэнка там кантралюе сітуацыю. Але, хутчэй за ўсё, перамовы будуць не з ім самім, а з групоўкамі, якія гэты рэжым прадстаўляюць, – сказаў Вячорка.

Аляксандр Дабравольскі паведаміў, што ў ролі трэцяга боку за сталом перамоў бачыць АБСЕ.

– Проста Еўразвяз ці проста Расея не зусім падыходзяць – у кожнага ёсць свае інтарэсы. А АБСЕ – арганізацыя, якая абʼядноўвае і Расею, і ЕЗ, і ЗША, і Канаду, гэта лепшы медыятар. Але могуць быць і іншыя варыянты. Напрыклад, ва Украіне медыятарам выступіла «Нармандская чацвёрка». Мы гатовыя разглядаць розныя варыянты, але мы разумеем, што без трэцяга боку будзе значна цяжэй.

belsat.eu

 

Стужка навінаў