Святлана Ціханоўская дае прэс-канферэнцыю: З’язджаць з краіны я не збіраюся

Кандыдатка на прэзідэнта Беларусі Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі асудзіла дзеянні ўлады 10 жніўня і заявіла, што гэта недапушчальна.

Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на прэс-канферэнцыі 10 жніўня. Фота belsat.eu

«Мы сталі сведкамі таго, што ўлада сілавымі метадамі спрабуе ўтрымаць свае пазіцыі».

Святлана Ціханоўская сказала, што ўлада ўжыла непрапарцыйную сілу.

«Улада цалкам адарвалася ад народу, яна нас не чуе. Я не бачу ніводнай прычыны, чаму я мушу быць арыштаваная і з’язджаць з краіны я не збіраюся».

Ціханоўская заклікала пацярпелых 9 жніўня звяртацца ў штаб. Яна абяцае, што ім дапамогуць.

Марыя Калеснікава заявіла, што «гэта толькі пачатак». Яна заявіла, што аб’яднаны штаб гатовы да доўгатэрміновай барацьбы.

Святлана назвала дзеянні ўладаў злачынствам. Яна выказала спадзеў, што ў выпадку працягу пратэстаў улады не будуць выкарыстоўваць гвалт.

Святлана прызнаецца, што не ведае, ці варта ёй выходзіць на пратэсты. Яна баіцца, што гэта прывядзе да эскалацыі гвалту і не ведае, дзе яна больш патрэбная – у штабе ці на вуліцы.

«Не ведаю як паступіць у дадзеным выпадку», – заявіла яна.

Максім Знак заклікаў улады да дыялогу. «Знойдзецца шмат людзей, якія выйдуць на вуліцу. І ўлады мусяць забяспечыць мірны характар гэтых падзеяў», – падкрэсліў ён.

Штаб заклікае спыніць гвалт. Яны звярнуліся з гэтым заклікам у МУС і Адміністрацыю Лукашэнкі

belsat.eu

Hавiны