Святлана Ціханоўская абвясціла, што яна сабрала неабходныя 100 тысячаў подпісаў


І адзначыла, што сябры ініцыятыўнай групы сутыкаюцца з моцным ціскам.

Святлана Ціханоўская абвясціла, што ейная ініцыятыўная група сабрала 100 тысячаў подпісаў, перадае «Радыё Свабода». Але ў каментары адразу зазначыла:

«Фактычна яны ёсць, але ці паспеем мы іх здаць фізічна, бо ўмовы не на нашу карысць… Але мы вельмі стараемся гэта зрабіць».

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Таксама Святлана дадала, што на чальцоў групы ідзе моцны ціск. На яе саму – не, аднак ёй усё роўна вельмі цяжка эмацыйна і псіхалагічна. З-за таго, што кіраўнік штабу – ейны муж Сяргей Ціханоўскі – зараз у СІЗА КДБ, яна мусіць сама паехаць па розных гарадах Беларусі і сабраць подпісы.

«Мне трэба зрабіць гэта дзеля тых людзей, якія так шмат працавалі, збіралі подпісы і ў дождж і ў спёку, якія стаялі ў вялікіх чэргах, каб падпісацца. Спыніцца зараз было бы здрадай і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму, прыйшлі за яго падпісвацца. Тое, што я апынулася на перадавой – гэта проста так атрымалася. Я падвесці яго проста не магу. Калі каханне – то да канца», – гаворыць Святлана.

Пікет па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдата каля Камароўскага рынку ў Менску. 7 чэрвеня. Фота belsat.eu
Інтэрв’ю
«Ты ўжо гатовы сесці». Уражанні зборшчыкаў подпісаў у падтрыманне Ціханоўскай
2020.06.12 13:32

«Справа Ціханоўскага»

  • 29 траўня на пікеце па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую быў затрыманы праз правакацыю блогер Сяргей Ціханоўскі. азней яму і яшчэ 7 людзям было прад’яўленае абвінавачванне за арганізацыю беспарадкаў. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
  • 3 і 4 чэрвеня на лецішчы ў Ціханоўскіх прайшоў ператрус, падчас якога знайшлі $ 900 тыс. Пазней Ціханоўская абвясціла, што здымае пікеты ў Менску і абласных гарадах з-за ціску, нягледзячы на тое, што людзі стаялі ў чэргах, каб падпісаць за яе і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў.
  • Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ў Беларусі праходзіць да 19 чэрвеня. Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў