Святлана Калінкіна: Чыжа шкада


Вядомая журналістка не бачыць сенсацыі ў тым, што «кашалёк рэжыму» трапіў за краты.

Пра гэта яна напісана на сваёй старонцы ў Facebook. Прапануем вашай увазе тэкст допісу:

Учора ўвечары пачалі прыходзіць смскі пра тое, што арыштавалі Юрыя Чыжа. І, паверце, ніякай сенсацыі я ў гэтым не ўбачыла. Наадварот, быў эфект дэжавю, бо здарылася такое не першы раз.

Чыжа і раней арыштоўвалі, трымалі пару дзён, прымушалі пералічыць кудысьці нейкія грошы, каму-небудзь што-небудзь перадаць, потым адпускалі. Цяпер, можа быць, затрымаюць на большы час. Калі, вядома, ён сапраўды на мяжы банкруцтва і адкупляцца ўжо няма чым. Але я ўсё ж такі думаю, што ён напэўна дастане «страхавы парашут»: недзе ж ён ёсць, не можа не быць.

Я шмат разоў параўноўвала беларускіх бізнесоўцаў, нават прыдворных, з парсючкамі да Каляд. Іх адкормліваюць і нават дазваляюць свінячыць толькі з адной мэтай – аднойчы паласавацца свежанінай. Але да Чыжа хутчэй пасуе параўнанне з бараном: аброс – абстрыглі, зноў аброс – ізноў абстрыглі… Хоць, не выключана, што надышоў момант, калі камусьці захацелася бараніны…

Але ведаеце, што дзіўна? Не адчуваю ніякіх ілюзіяў з нагоды бізнэс-талентаў Чыжа.

І, уласна, нават не лічу бізнесам тое, чым ён займаўся. І ўсё ж мне яго шкада… Шкада як чалавека, з якога здзекаваліся. Шкада як чалавека, якога каўбасілі на вялікай амплітудзе. Шкада як чалавека, які нікога не забіў, гуляў па правілах, але абыграў сам сябе і апынуўся ў турме.

Дарэчы, гісторык Алесь Краўцэвіч гаворыць, што для беларусаў гэта важныя і пакуль неацэненыя наступствы кіравання Аляксандра Лукашэнкі – спачуваць тым, каго арыштавалі. Мы заўсёды былі людзьмі статута, людзьмі закона, з выразным веданнем, што ў турму трапляюць выключна злачынцы. У гэтым, дарэчы, наша важнае адрозненне ад Расеі: там прасіць міласціну, бо толькі што выйшаў з турмы, заўсёды было нормай, а ў нас – апошняй прычынай, па якой табе далі б грошы. Але Лукашэнка такога нарабіў з турмамі і законнасцю, што цяпер дадуць.

Увогуле, мне Чыжа шкада. Высока ўзляцеў – больш балюча падаць. І шлях ад залатога ўнітаза да парашы цяжкі асабліва.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў