Алексіевіч: Два стагоддзі вынішчалася ўсё беларускае


Ліст беларускай пісьменніцы, Нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на Свяце Незалежнасці зачытала Зінаіда Бандарэнка.

Я шкадую, што мяне ў гэты дзень няма сярод вас, і я ня чуў вашыя галасы, не бачу вашых асоб. І ў той жа час я з вамі, у думках я з вамі. Сёння ў нас свята – мы святкуем тое, што мы ёсць. Усведамляем тое, што мы ёсць беларусы. Беларусы не раз маглі знікнуць у бездані імперыі. Два стагоддзі вынішчалася ўсё беларускае. Каралеўская Польшча і Маскоўскае княства бязлітасна перамолвалі беларускую культуру. Бачны польскі палітычны дзеяч Раман Дмоўскага яшчэ ў пачатку XX стагоддзя адгукаўся пра беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў як пра «палякаў ніжэйшага гатунку», а Сталін рабіў з беларусаў рускіх. Крывавыя рэпрэсіі на беларускай зямлі адбываліся пастаянна, пачынаючы з кастрычніцкага перавароту і да смерці Сталіна ў 1953-м годзе. Мой бацька да вайны вучыўся ў Менску ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, і ён распавядаў, як адзін за адным знікалі лепшыя выкладчыкі і студэнты. Бацьку выратавала вайна, ён пайшоў на фронт. Знішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Сталін разумеў, што без нацыянальнай культуры і мовы няма народа. Як жа мы выстаялі, выратаваліся? Вось гэтыя, «тутэйшыя», «Людзі на балоце», ды, выстаялі! Я яшчэ заспела па вёсачках старых жанчын, якія гаварылі на чыстай беларускай мове. Слухаючы іх, разумела, што гэта яны хаваюць, сцерагуць нашую краіну ліцвінаў. Ніколі ня памірала народная душа.

У інтэрнэце няцяжка знайсці фатаграфіі дэлегатаў Першага ўсебеларускага з’езда ў 1918 годзе – гэта твары вольных людзей. Яны вераць, яны мараць – гэта відаць. Толькі яны маглі зрабіць тое, што зрабілі: сярод вайны, разрухі і рознагалоссяў абвясціць БНР. А нашыя апаненты любяць казаць, што ў гэтай дзяржавы не было межаў, не было арміі, не было нічога. Але праз 100 гадоў мы ведаем, што Беларуская Народная Рэспубліка была. І мы адтуль!

Тыя, хто вырас у СССР, нічога не ведалі пра Беларускую Народную Рэспубліку, а калі ведалі, то гаварылі пра гэта шэптам. Мы выраслі з мінулага. Нас прымушалі любіць чужое мінулае. Ужо вырасла маладое пакаленне, якое ведае і любіць сваё мінулае, гатовае за яго змагацца.

Змест лісту цалкам можна паслухаць у відэатрансляцыі «Белсату» з канцэрту.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў