Святлана Алексіевіч сустрэлася з чытачамі ў Гомлі


Святлана Алексіевіч, архіўнае фота

Сустрэча нобэлеўскай лаўрэаткі прайшла 12 жніўня ў Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры «Палеская 52». Belsat.eu ладзіў стрым з падзеі.

Прапануем вашай увазе некаторыя выказванні Нобэлеўскай лаўрэаткі.

Што Беразоўскі сказаў пра Лукашэнку

Я атрымала прэмію «Триумф» гадоў 15 таму, быў Беразоўскі – прэмія была з ягоных грошай. Падыходзіць ён да мяне і кажа: «Святлана я сачу за вамі, і не магу зразумець, чаму вы так супраць «бацькі» настроеныя?» А я яму кажу, чаму я павінная яго любіць, ён мне не падаецца той фігурай, якая выратуе мой народ. Ён кажа: «Вы ведаеце, Света, я ўсіх палітыкаў ведаю на пост-савецкай прасторы. І мушу вам сказаць: Вы ўзгадаеце мяне. Лукашэнка – адна з найбольш таленавітых і моцных фігур. І так проста, як вы думаеце, ён не сыдзе». На жаль, гэта аказалася праўдай.

Пра смяротнае пакаранне

Любы нармальны чалавек, які жыве ў XXI стагоддзі, супраць смяротнага пакарання. Па якім праве мы можам рабіць справу Бога? Нават калі гэта маньяк, страшны чалавек… Я разумею, калі звар’яцелы бацька альбо звар’яцелая маці хоча забіць у залі суда, я разумею іхны адчай. Але дзяржава не мусіць так рабіць. Ва ўсім свеце гэтага няма. Гэта толькі кажа пра ступень нашай дзікасці, на жаль.

Што здзівіла ў Еўропе

«Для самых простых людзей, калі прыедзеш, а мяне запрашалі і ў малыя гарадкі, пачынаеш з людзьмі гаварыць пасля сустрэчы, і ведаеце, для іх вельмі шмат значыць літаратура, жывапіс, музыка, вандроўкі. То бок там ёсць акрамя ўсяго і яшчэ нейкае жыццё душы, людзі не канцэнтруюцца так «Лукашэнка-не Лукашэнка».

«Жыццё стала апярэджваць самых разумных людзей»

«Жыццё чамусьці стала апярэджваць самых разумных людзей. Аказваецца, што футуролагі не маюць рацыі. Нядаўна сустракалася з Хадаркоўскім у Лондане, і а абодвух нас была думка: тое, што цяпер – гэта надоўга. А чаму так? Вось гэта праблема, з якой трэба разабрацца. Ці з прычыны таго, што час ідэі скончыўся? Людзі страцілі цікавасць да ідэі. Пасля камунізму ў людзей такое моцнае расчараванне, што свет ідэі страціў для іх цікавасць. Ідэя жыцця – вось, што сёння цікава людзям», – заявіла Святлана Алексіевіч.

ДР, НМ, belsat.eu

Стужка навінаў