Святлана Алексіевіч не ведае, адкуль на «Regnum» з’явілася інтэрв’ю з ёй


Вядомая пісьменніца кажа, што журналіст сказаў, што прадстаўляе выданне «Деловой Петербург».

Аднак падчас размовы з ім, Святлана Алексіевіч, пабачыўшы агрэсіўную скіраванасць, забараніла публікаваць гутарку. Пра гэта пісьменніца распавяла «Радыё Свабода»:

«Як толькі гэты журналіст задаў мне тры-чатыры першыя пытанні, я сказала, што адмаўляюся на іх адказваць і забараняю друкаваць. І свайго літаратурнага агента, які прапанаваў інтэрвю і арганізаваў сустрэчу, папярэдзіла, каб затэлефанавалі і папярэдзілі кіраўніцтва. Рэч у тым, што я пабачыла ягоную ад пачатку агрэсіўную скіраванасць. Калі адразу яшчэ здавалася, што можна пра штосьці спрачацца, то пасля пытання – чаму вы абараняеце ўкраінскіх бандытаў – усё стала зразумела. А паколькі такіх людзей ні ў чым не пераканаеш, то я ад кантактавання адмовілася».

Нобэлеўская лаўрэатка распавяла, што ў такой сітуацыі будзе рабіць далей:

«Натуральна, я буду звязвацца з арганізатарамі гутаркі, буду раіцца са сваім літаратурным агентам Саладоўнікавым. На жаль, ня веру, што ў гэтай сітуацыі нешта можна зрабіць. Засмучае толькі тое, што гэта абсалютна малады чалавек – чаму я і спадзявалася, што пасля першых рэплікаў яшчэ можна будзе выруліць на сапраўды плённую дыскусію. Але той выпадак, калі ні ў чым пераканаць немагчыма. Вось была кроў у Данбасе, нашых б’юць і г.д. Я і адказваю: а як вы хацелі? Каб прыехалі туды на танках і вас любілі? Як аб сцяну гарох, бессэнсоўна. Нават каментаваць асабліва не выпадае, усё зразумела».

Святлана Алексіевіч запэўнівае, што першапачаткова яе агенты дамаўляліся на інтэрвю з карэспандэнтам газеты «Деловой Петербург», а як гутарка трапіла ў Regnum – не ведае:

«У мяне былі выступленні ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Усюды былі журналісты, з некаторымі было дамоўлена пра разгорнутыя гутаркі. Чалавек, які ўсё гэта арганізоўваў, потым сам быў ашаломлены, як так атрымалася, што з«явіўся няўзгоднены матэрыял. Відаць, што «Деловой Петербург« сапраўды адмовіўся друкаваць тэкст, раз я забараніла і потым яшчэ гэта пацвердзіў мой прадстаўнік. Тады гэты журналіст надрукаваўся ў іншым месцы. Ніякаму агенцтву я інтэрвю не давала. Выглядае, што там даведаліся і вырашылі скарыстацца сітуацыяй».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода», фотаздымак Fabrizio Bensch/ Forum

Стужка навінаў