Святлана Алексіевіч не сведчыла супраць сябе ў Следчым Камітэце


Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч 26 жніўня дапытвае Следчы камітэт у якасці сведкі ў «Справе Каардынацыйнай рады». Дзяржава разглядае працу рады, як спробу захапіць ўладу ў Беларусі.

Допыт Алексіевіч
Людзі, якія прыйшлі да будынку СК падтрымаць Святлану Алексіевіч перад допытам. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

72-гадовая пісьменніца ўваходзіць у прэзідыюм Каардынацыйнай рады, але не бярэ ўдзелу ў паседжаннях праз стан здароўя. У Следчы камітэт яна пайшла з чырвона-белымі кветкамі, што атрымала ад беларусаў, якія прыйшлі яе падтрымаць.

«Не абавязкова захопліваць пошту і тэлеграф. Беларусь прапануе новы, мірны спосаб. Мы мусім перамагчы сілай свайго духу. На нашых вачах ствараецца нацыя. Беларуская нацыя. Беларускі народ. Сёння, калі мы бачым гэты шматтысячны рух людзей, іхныя твары – кожны з нас ганарыцца сваім народам», – сказала пісьменніца перад пачаткам допыту.

Допыт Алексіевіч
Святлана Алексіевіч (праваруч) з адвакаткаю ля будынку Следчага камітэту перад допытам як удзельніцы Кардынацыйнае рады. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Святлана Алексіевіч асудзіла кіраўніка Беларусі за тое, што ён не ідзе на дыялог з прыхільнікамі пераменаў.

«Ён мусіць зразумець, што нельга ставіць сваё жыццё на адну дошку з жыццём народу. І тут нам свет мусіць дапамагчы. Беларуская грамадзянская супольнасць яшчэ не такая моцная».

Допыт Алексіевіч
Мужчына з групы падтрымання, якая прыйшла да будынку Следчага камітэту падтрымаць Святлану Алексіевіч перад допытам. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Допыт Святланы Алексіевіч цягнуўся 40 хвілін. Частка часу пайшла на фармальнасці. Потым яна адмовілася сведчыць супраць сябе і на гэтым працэдура фактычна скончылася.

Сёння запрашэнне на допыт у СК атрымала іншая сябра Каардынацыйнай рады, экс-кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі – Марыя Калеснікава.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў