Святлана Алексіевіч дапамагла грашыма на аперацыю для Зінаіды Бандарэнка


Вядомай тэлевядоўцы, народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Бандарэнка зрабілі аперацыю. Сродкі для лячэння і рэабілітацыі збіралі медыі, дапамагла таксама і Нобэлеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

«Зінаіда Аляксандраўна знаходзіцца ў 6-м шпіталі. Яна ўжо адышла ад наркозу, аперацыя, па словах сына, прайшла ўдала. У яе асобная палата з тэлевізарам, камфортныя ўмовы», – распавёў «Беларускаму партызану» журналіст Аляксандр Тамковіч, які рыхтуе да выдання кнігу «Далягляды Зінаіды Бандарэнка. Мой шлях ды Беларусі».

Зінаіда Аляксандраўна да апошняга не хацела, каб нехта даведаўся пра тое, што ёй трэба будзе аперацыя, што яна збірае сродкі на штучны пратэз сустава і наступную рэабілітацыю, – адзначыў Аляксандр Тамковіч. Баялася, што раптам, магчыма, нехта пачне спекуляваць на гэтай тэме, таму наагул не хацела ніякай агалоскі… Пра ўсё гэта ведала вельмі вузкае кола людзей.

«А я быў здзіўлены: аказваецца, многія мерапрыемствы, куды Бандарэнка запрашалі як вядоўцу, яна вяла цалкам бясплатна! Часцей за ўсё ёй не плацілі. Я разумею, што халяўшчыкаў шмат, але каб да такой ступені… Я сам не ведаў, што яна перад тым, як выйсці на сцэну, рабіла абязбольвальны ўкол – інакш яна стаяць не магла», – распавёў пісьменнік.

Зінаіду Бандарэнка паклалі ў шпіталь 24 снежня. 26 ёй зрабілі аперацыю. Урачы кажуць, што выпішуць спадарыню Зінаіду на праваслаўныя Каляды.

«Прычым як раз сёння, 26 снежня, у сына Зінаіды Бандарэнка Уладзіміра (ён святар) дзень нараджэння! Валодзя сказаў: самы лепшы падарунак на дзень нараджэння – што аперацыя прайшла добра!

Дарэчы, Зінаіда Бандарэнка ў свой час разам з кампазітарам Ігарам Лучанком аб’ехала палову Савецкага саюзу. І калі памёр Лучанок, я зразумеў, наколькі ў Зінаіды Аляксандраўны сурʼёзная праблема з нагамі. Я прапанаваў ёй разам паехаць на развітанне ў Дом афіцэраў, але яна адмовілася. Кажа, я ледзь хаджу і не хачу, каб мяне бачылі з палачкай…

Перад аперацыяй Зінаіда Аляксандраўна перажывала нават не столькі за сябе, колькі за мужа. Справа ў тым, што ў яго была рэдкая форма глаўкомы, яму зрабілі аперацыю, але ён цалкам страціў зрок. Ну і наагул са здароўем у яго не вельмі, хоць ён і бадзёрыцца. Зінаіда ўсё роўна перажывала, як ён справіцца без яе? Але на гэты час да бацькі пераехаў сын з жонкай і трыма дзецьмі, так што ён пад надзейным наглядам», – распавёў Аляксандр Тамковіч.

Hавiны
Стань суаўтарам кнігі пра культавую Зінаіду Бандарэнку і атрымай падарунак
2018.08.26 17:18

СК, belsat.eu

Стужка навінаў