Святлана Алексіевіч: беларускамоўнае гета – злое, малаадукаванае, прымітыўнае


У праграме «Зоры не спяць» – пісьменніца Святлана Алексіевіч. Вядомая беларуская журналістка, якую неаднаразова намінавалі на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Стварыла свой уласны жанр – аповед галасоў. Нядаўна выпусціла новую кнігу «Часы сэканд-хэнд. Канец чырвонага чалавека», пра падзенне камунізму ў Расеі.

Пра цэнзуру

«Улада робіць выгляд, што мяне не існуе. Мяне пячатаюць толькі ў апазіцыйных выданнях. На кніжным кірмашы мой маскоўскі выдаўца хацеў зладзіць сустрэчу з чытачамі, але ўсё было перакрэслена Ліліяй Ананіч. Таму што ёй не спадабалася, што я не пайшла на сустрэчу Лукашэнка з пісьменнікамі. Я б з цікавасці пайшла, але ж афіцыйна мяне ніхто не запрашаў».

Пра дыскрымінацыю

«Я падтрымліваю Хадановіча ў тым, што расейскамоўных беларускіх пісьменнікаў дыскрымінуюць. Адчуваецца, што рускамоўныя аўтары як бы другога сорту. Чаго я толькі не чытаю а сабе ад тых жа беларускамоўных аўтараў. Спачатку я была расейскай, цяпер я савецкая пісьменніца. Толькі недзе я выступлю, усё адразу пераварочваюць на мову. Напрыклад, да таго, што піша радыё «Свабода». Увогуле падаецца, што яно абслугоўвае злое, малаадукаванае, прымітыўнае, беларускае гета. Усе тыя людзі, якія пакідаюць там каментары. Расейскамоўныя аўтары дыскрымінуюцца не толькі дзяржавай, але і беларускамоўнымі аўтарамі».

Пра мову і эліту

«Мяне не друкуюць у дзяржаўных СМІ ўжо гадоў 20. Ніякія ўзнагароды стаўлення не змянілі. Якая Нобэлеўская прэмія, у нас тое, што скажа Лукашэнка. Беларуская эліта падзеленая – на расейска- і беларускамоўных. Я нічога натуральнага гэтага ў гэтым не бачу. Я 30 гадоў займалася «Чырвонай утопіяй», і гэтая ўтопія размаўляла па-расейску. Трэба вылазіць з гэтага беларускамоўнага акопу і быць адкрытым свету. Гэта дыскусія сведчыць пра закрытасць беларускамоўнага асяроддзя. Яно маленькае, хваравітае, амбіцыйнае, і калі так будзе сябе паводзіць, то ніколі не будзе ўспрынятае грамадствам».

Пра нацыянальную ідэю

«У нас пакуль няма Нацыянальнага чалавека. Мы прылеплены да расейскага тэлебачання, расейскага разумення рэчаў намёртва. Пакуль у нас няма эліты, якая зможа гэтых людзей адтуль вырваць. Няма ідэй, таму што канцэнтруюцца толькі на тым, на якой мове яны размаўляюць. Мова – гэта ўсё бура ў шклянцы, ПЭН-цэнтру, Саюзу пісьменнікаў, маленькай беларускамоўнай тусоўкі. А выйдзеце на вуліцы і пабачыце, што ў людзей іншае ў галовах. Але не кажу, што народ дрэнны. Эліта павінна фармуляваць ідэі для народа».

Пра эміграцыю

«У мяне ніколі не было праблемы застацца жыць за мяжой, але я ніколі не хацела гэтага. Пасля 11 гадоў я зразумела, што хачу жыць сярод сваіх людзей, сваіх пейзажаў. Калі я з’яжджала, падавалася гэта ненадоўга. А цяпер вярнулася і ўсё падаецца панылым. Беларусь – маленькая правінцыйная дыктатура ў параўнанні з тым, што адбываецца ў Расеі, якая небяспечная для ўсяго свету».

Больш глядзіце ў відэа вышэй, а таксама онлайн і ў архіве.

Стужка навінаў