Святкаванне Дня Волі ў Магілёве: музыка, вершы, салодкі стол і экскурсіі


Святкаванне 101 гадавіны стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве зладзілі ў нядзелю 24 сакавіка. Святочную імпрэзу правялі ў зале паседжанняў гасцініцы «Губернская». Арганізатарамі выступілі палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, прыйсці маглі ўсе ахвотныя.

«Калі б святкавалі толькі ў Менску, то гэта б выглядала так, нібыта патрэбна толькі сталіцы. Але 25 сакавіка – свята ўсёй дзяржавы, таму мы святкуем у Магілёве. Дзень волі трэба праводзіць у кожным населеным пункце, я ведаю, што сёння сябры нашага аргкамітэту святкавалі і ў Шклове», – кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў.

Для наведнікаў імпрэзы арганізатары падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі і тэксты песень для сумесных спеваў. Усіх гасцей прасілі прынесці свае прысмакі на салодкі стол.

«Воля – самы галоўны дар Гасподні, нехта лічыць, што жыццё, але без волі і жыцця няма. Таму гэта сапраўды вялікае свята, дзень, які яднае беларусаў. Шкада, што сёння на дзяржаўным узроўні адзначаюцца савецкія святы, а Дзень волі – не адзначаецца. Я лічу, што сваё забываць нельга, таму мы сёння тут сабраліся», – кажа абласны каардынатар БХД Алег Аксёнаў.

Акрамя палітыкаў на імпрэзе ў Магілёве выступілі і паэты, пісьменнікі. Таццяна Барысік прачытала гумарыстычныя зацемкі. Фота «Белсат»
Музыка Максім Іўкін, гурт «Балцкі субстрат». Фота «Белсат»
Фота «Белсат»
Удзельнікі імпрэзы. Фота «Белсат»

«Нават афіцыйныя гісторыкі прызнаюць: не было б БНР – не было б і БССР, не было б і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Гэта адна з прыступак таго гістарычнага працэсу, паводле якога мы прыйшлі да незалежнасці Беларусі. Можна доўга спрачацца, істотная яна ці не істотная, але яна была», – кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў.

25 сакавіка ў Магілёве працягнуць святкаваць. Усіх ахвочых запрашаюць на гістарычную экскурсію па мясцінах, звязаных з дзейнасцю БНР у Магілёве. Старт экскурсіі 16:30 на Замкавай гары (уваход у парк Горкага на плошчы Славы).

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў