Свята вясны, працы і пандэміі

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб правядзенні 25 красавіка рэспубліканскага суботніка.

Хто хоча – удзельнічае.

Хто хоча, але не можа, атрымлівае шанец добраахвотна пералічыць пэўную суму грошай. Потым дзяржава разбярэцца, што з гэтай сумай рабіць. Зрэшты, агульныя напрамкі выдаткавання вызначаныя ў дакуменце: «50 адсоткаў грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму і накіроўваюцца на падрыхтоўку дзіцячых загарадных аздараўленчых лагераў да летняга сезону, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, а таксама рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны;

50 адсоткаў грашовых сродкаў аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам пералічваюць Міністэрству фінансаў у парадку, устаноўленым гэтым Міністэрствам. Дадзеныя сродкі ў роўных частках накіроўваюцца ўстанове «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь» на завяршэнне работ на I і IV пускавых комплексах аб’екта «Рэстаўрацыя і прыстасаванне адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музею Рэспублікі Беларусь» і Гомельскаму аблвыканкаму для фінансавання абʼекта «Рэканструкцыя брацкага пахавання на месцы спаленай вёскі Олы ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці».

Hавiны
На 25 красавіка ўрад запланаваў рэспубліканскі суботнік. Грошы пойдуць на рэканструкцыю братняй магілы
2020.04.16 18:06

Вы супраць? Я – не. Летнія аздараўленчыя лагеры падпарадкоўваліся – у маю бытнасць педагогам – прафсаюзам, добраўпарадкаваннем населеных пунктаў займалася дзяржаўная сістэма ЖКГ, усё астатняе пералічанае знаходзіцца на балансе ўпраўленняў культуры адпаведнага ўзроўню. Як я разумею, таксама дзяржаўных. Чаму дзяржава не прадугледзела вылучэнне гэтых грошай у бюджэце? Бо ЖКГ, культура і дзіцячы адпачынак фінансуюцца ў нас дзяржавай. Дзяржава, дзе грошы?

Разумею: цяпер мяне спытаюць, чаму я не хачу дапамагчы дзецям, культуры і, даруй божа, нават ЖКГ. На гэтае пытанне добра адказаў Піліп Піліпавіч Праабражэнскі:

– Не хачу.

Па адной простай прычыне.

Там ёсць яшчэ два абзацы: «Таксама пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных устаноў па рашэнні калектываў работнікаў гэтых устаноў грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, якія вызначаюцца добраахвотна самімі калектывамі, у адпаведнасці з парадкам, што ўстанаўліваюцца Міністэрствам фінансаў.

Утрыманне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 25 красавіка 2020 г. з’яўляецца рабочым днём, ажыццяўляецца з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі работнікаў».

Мяне, як домакіраўніка Івана Васільевіча Бунша, раздзіраюць цьмяныя сумневы. Нешта падказвае мне, што шэраг кіраўнікоў калектываў ужо маглі атрымаць разнарадку аб тым, колькі менавіта канкрэтны калектыў павінен пералічыць у добраахвотным парадку. Вось хоць раз бы далі па тэлебачанні выказацца таму працоўнаму калектыву, які не захацеў нічога пералічваць у добраахвотным парадку – я б, можа быць, у гэтую добраахвотнасць паверыў.

Hавiны
Настаўнікаў у Нясвіжы адпраўляюць на суботнік падчас эпідэміі
2020.04.06 17:49

Пры гэтым кошты на маскі, аднаразовыя пальчаткі і лекі ў аптэках зусім не зніжаюцца.

Валанцёрам не кажуць: хлопцы, дзякуй, вядома, але спыніце прывозіць нам сваю дапамогу, паколькі дзяржава нас ужо ўсім забяспечыла па самае «не магу».

Тэлевізар і інтэрнэт разносіць – ніякаму каронавірусу не ўгнацца – інфармацыю пра тое, як у суседніх дзяржавах, замест таго, каб выводзіць людзей на суботнікі, іх заганяюць дадому ў рэжым самаізаляцыі, а ўрады спрабуюць знайсці грошы, каб дапамагчы грамадзянам перажыць гэты цяжкі час.

Аб’ектыў
Каронавірус: ці хапае сродкаў аховы?
2020.04.13 22:38

Нарэшце, уся ідэалагічная вертыкаль працягвае фінансавацца дзяржавай, хоць некаторых яе работніц урачыста саджаюць у «кутузку» – ці то за поўнай непатрэбнасцю, ці то па нейкай іншай не артыкуляванай своечасова прычыне.

Вось толькі кіраўнік дзяржавы, які не плаціў за жыллё і камуналку, які працуе ў велізарным пустым палацы, які пабудаваў кучу рэзідэнцый па ўсёй краіне за казённы рахунак, а таксама доблесна спансуе праз прэзідэнцкі клуб уласны хакейны турнір, усяго гэтага, падобна, не бачыць і не разумее рэакцыі ўжо амаль арыфметычнай большасці. Калі раптам нейкі гнаявік мух і іншага лайна пацікавіцца, адкуль я гэта ведаю, скажу шчыра: упершыню пенсіянеры ў крамах, у чарзе ў касу, кажуць тое, што блізка і зразумела сэрцу кожнага мацёрага апазіцыянера. Да іх бы выпусціць юнага Яўгена Прэйгермана для вытлумачэння палітыкі кіраўніцтва краіны – вось бы яны на ім адвялі душу…

Суботнік падчас каронавіруса – гэта гэтакі баль падчас чумы. Радасныя піянеры будуць сеяць бахчавыя культуры, міліцыянты павязуць чарговы тэлевізар у чарговы санаторый для патэнцыйных ахвяр пандэміі, а гаваркія галовы ў гэтым тэлевізары раскажуць нам, чаму трэба замяніць сабой дворнікаў. І толькі дворнікам загадаюць у любым выпадку выйсці на працу, толькі працаваць у гэты дзень бясплатна. Ці не загадаюць – папросяць… але зробяць гэта з усмешкай і поўнай павагай! Яшчэ б! Свята вясны, разумееце, і працы!

Hавiны
«Людзі баяцца, што мы кантактныя». Як працуюць менскі доктар і фельчар раённай хуткай ва ўмовах пандэміі
2020.04.14 15:12

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў