Сведкі распавялі, што адбывалася пасля таго, як стрэлілі ў Генадзя Шутава


Сілавікі ў Беларусі выкарысталі агнястрэльную зброю супраць удзельнікаў пратэстаў. На думку праваабаронцаў, гэта сведчыць пра наўмыснае пазбаўленне жыцця людзей. Ад ранаў, якія атрымалі мітынгоўцы, памерлі тры чалавекі. Сярод забітых берасцеец Генадзь Шутаў. Відавочцы забойства распавялі «Белсату» падрабязнасці трагедыі.

43-гадовы Генадзь Шутаў памёр у вайсковым шпіталі Менску 19 жніўня, а 10:20.

Мужчыну паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў. Стралялі ў чалавека з агнястрэльнай зброі. З балкону свайго дома жыхарка Берасця бачыла, што адбывалася ў той момант.

«Я была дома, пачула тры стрэлы і адразу выбегла на балкон. З балкону я пабачыла, што тут ляжыць мужчына, і ад яго адыходзіць малады чалавек у цывільнай вопратцы. Я крычу: «Выклікай хуткую!» Бо чалавек страціў прытомнасць і каля яго калюжына крыві. Ён падышоў да яго, паспрабаваў нагой піхнуць, але бачыць кроў, у яго паніка пачалася, ён паклікаў сваіх хлапцоў. Адзін з іх падбег і пачаў трымаць галаву, шыю, відаць кроў спынялі. А гэты малады чалавек, які страляў, падышоў да лавы і выклікаў хуткую.

Ён быў вельмі напружаным, нерваваўся, нават крычаў. Людзі тут спрабавалі падысці, але ён іх не падпускаў. Лаяўся на іх. Потым сюды падышлі іншыя хлопцы, мяркую, што гэта яго людзі былі, бо іншых ён не падпускаў. Потым другі раз патэлефанаваў у хуткую, каб яны хутчэй ехалі.

Магчыма, што ў хуткай удакладнілі, якім чынам адбылося агнястрэльнае раненне. Бо ён распавядаў, што на яго напалі і гэта была самаабарона. У гэты час падыходзілі людзі, пачалі яго фатаграфаваць. Ён пачаў прыкрывацца кашуляй, дастаў пісталет і пачаў накіроўваць зброю на людзей, пасылаючы іх далей. Людзі адрэагавалі на гэта досыць агрэсіўна. І гэта зразумела.

Я не бачыла, хто страляў, але мяркую, што гэта быў менавіта гэты малады чалавек. Стрэлілі ў чалавека ў патыліцу ў галаву, бо мужчына ляжаў на зямлі тварам уніз.

Прыехаў аўтобус з амапам. Яны схапілі ўсіх, хто тут быў. Паклалі на зямлю дзяўчыну, якая дзіка крычала, што толькі сюды прыйшла. Але ім было ўсё роўна. Зацягнулі мужчыну ў аўтобус і пачалі як зверы яго збіваць. Усе гэтыя ўдары дубінкамі, крыкі былі чуваць у мяне на паверсе, я таксама зняла ўсё на відэа. Потым усе пабеглі ў іншы двор. Выйшаў сюды і мой сусед і спыніўся паглядзець. Два амапаўцы, якія адбіліся ад астатніх, пачалі на яго крычаць, маўляў, чаго ён тут стаіць і пачалі яго біць нагамі», – распавяла «Белсату» сведка тых падзеяў.

Генадзь Шутаў. Фота Мілана Харытонава / belsat.eu

Родныя забітага сілавікамі Генадзя Шутава сёння сутыкнуліся з тым, што не могуць забраць яго цела. Справа ў тым, што следчы накіраваў пастанову ў органы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў сёння для правядзення судова-медычнай экспертызы, паведамляе TUT.by.

Экспертыза можа цягнуцца ад 2 да 4 тыдняў.

Hавiны
Пасля разгону пратэстаў Лукашэнка ўзнагародзіў сотні міліцыянтаў
2020.08.18 11:09

Праваабаронцы грамадскага аб’яднання «Звяно» паведамляюць, што ў ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне Пушкінскай ад агнястрэльных раненняў загінулі тры чалавекі. Улады ў сваю чаргу паведамілі толькі пра аднаго загінулага. Пры гэтым афіцыйная версія і версія відавочцаў істотна адрозніваюцца. Аналагічная сітуацыя і ў выпадку з раненнем Генадзя Шутава.

У любым выпадку афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам.
Hавiны
«Стрэлы ў цішы» – паранены ў Берасці пратэстоўца памёр, версіі відавочцаў і МУС разыходзяцца
2020.08.19 15:01

CK belsat.eu

Стужка навінаў