Свая Рада, прыпынак Пераменаў і 300 содняў арышту – як жывуць Пружаны пасля выбараў


У Пружанах раней за Менск стварылі Каардынацыйную раду, пачалі адклікаць дэпутата, заснавалі прыпынак Пераменаў і плануюць стварыць новы музей. Гэтыя ўпартыя людзі агулам атрымалі штрафаў больш як на Br 8 000 і 300 содняў арыштаў, але не здаюцца.

Старшыня Каардынацыйнае рады Ганна Баран распавяла «Белсату» пра падзеі ў горадзе за апошнія месяцы: «Мы настолькі крутыя, што ў нас дагэтуль ідуць затрыманні. Даюць штрафы 40 базавых, але мы не здаёмся, нічога не плацім і ўсе пастанаўленні абскарджваем».

Свая Каардынацыйная рада і першы суд у краіне

У Пружанах Рада з’явілася 16 жніўня, на 2 дні раней, чым агульнабеларуская. У ёй 10 чалавек, і склад дагэтуль не мяняўся. Ганна Баран адзначыла, што ўсе людзі засталіся прыхільнікамі сваіх поглядаў: «Там у нас і паважаныя лекары, і былыя кіраўнікі, студэнты і выкладчыкі – людзі з розных сфераў».

Фота прадстаўлена героямі публікацыі

Першым чынам Рада пачала адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На думку гараджанаў, Аляксандр Ляўчук не абараняе правоў мясцовых жыхароў. У прыватнасці, ён, на думку заяўнікаў, ніяк не адрэагаваў на незаконныя дзеянні сілавікоў пры разгоне мірных акцыяў пратэсту. Акрамя таго, ён праігнараваў паведамленні ў сацыяльных сетках і медыях пра парушэнні падчас выбараў прэзідэнта.

Пасля збору подпісаў і зваротаў адбыўся суд не бачанага дасюль у Пружанах маштабу. Настолькі шмат было людзей, што ў судзе не знайшлося для ўсіх месца і паседжанне перанеслі ў актавую залу Палацу культуры.

Столькі людзей прыйшло на судовае паседжанне. Фота прадстаўлена героямі публікацыі

«Суд у нас адбыўся 15 верасня. То бок пасля выбараў амаль за месяц мы ўжо дайшлі да суда!», – падкрэсліла старшыня Рады.

Гэта быў самы першы такі суд у краіне пасля выбараў. Суддзя вызначыў, што падставаў для адклікання няма.

«Але мы ўпартыя. Паводле закону, калі першым выбарнікам адмовілі, то гэта не значыць, што астатнія не могуць зноў звярнуцца. У нас ужо гатовыя ўсе дакументы. Цяпер трэба правесці сход, каб ініцыяваць адкліканне дэпутата. Але гэтага нам не дадуць зрабіць праз каронавірус. Мы чакаем, калі абмежавальныя захады здымуць, і мы зноў звернемся да працэдуры адклікання», – распавяла спадарыня Ганна.

Рада таксама звяртаецца ў афіцыйныя ўстановы: «Мы напісалі ў Палату прадстаўнікоў, што мы, жыхары Пружанаў і Пружанскага раёну, толькі тады будзем разглядаць змены ў Канстытуцыю, калі пройдуць новыя законныя выбары. Таксама мы звярталіся ў Канстытуцыйны суд, Савет Рэспублікі, Камітэт Дзяржбяспекі, Генпракуратуру – ува ўсе ўстановы. Мы патрабавалі спыніць гвалт і правесці выбары. І мы працягваем пісаць, каб меркаванне народа было пачутае. Працягваем дзяўбці ўлады».

Аляксандр Ляўчук.
Фота: http://www.house.gov.by/

Дапамога талакі замест дзяржаўнага падтрымання

10 жніўня сілавікі разганялі мітынг у Пружанах. Адзін з затрыманых, Анатоль Сахарук, патрапіў у аўтазак, хоць ішоў не на мітынг, а святкаваць свае народзіны ў кавярню з жонкаю Юліяй. Спадара Анатоля адпусцілі хвілін праз 10 пасля хапуну, але праз стрэс у Юліі, маці чатырох дзетак, здарыўся інсульт, а праз гвалтоўныя дзеянні міліцыянтаў і ў Юліі, і ў Анатоля засталіся сінякі.

Hавiны
Пасля гвалтоўнага затрымання мужа ў 32-гадовай пружанкі, маці чатырох дзяцей, здарыўся інсульт. Патрэбная пільная рэабілітацыя
2020.09.03 12:30

«Мала таго, што за гэта ніхто не папрасіў прабачэння, дык сям’і ніяк дапамаглі. Мы звярталіся ў пракуратуру, РАУС, гарвыканкам – адусюль атрымалі адпіскі. І, дзякуючы грамадзянам, якія збіралі грошы, сям’я не памерла з голаду, бо інваліднасці Юліі дагэтуль не далі, а яна дагэтуль паралізаваная. Праз гэта Анатоль не можа аформіць дакументаў на дагляд жонкі», – распавяла Ганна Баран.

Фота прадстаўлена героямі публікацыі

На зварот да дэпутата Аляксандра Леўчука людзі атрымалі адпіску, што ён у курсе справы, што «былі выпрацаваны адпаведныя меры аб ажыццяўленні матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі, пра што паведамлялася сям’і праз ліст. На жаль, ліст вярнуўся адпраўніку як незапатрабаваны».

Цяпер сям’я Сахарчукоў у Польшчы на рэабілітацыі.

«Вось гэтак: скалечылі ў адной краіне, а лекавацца выпадае ў іншай, – бо тут ніякае дапамогі ад дзяржавы не дамагчыся», – падкрэсліла наша суразмоўца.

Фота прадстаўлена героямі публікацыі

Прыпынак Перамен

«Пасля выбараў людзі выходзяць кожны дзень», – падкрэсліла Ганна.

Летам шэсці былі шматлюдныя, пратэстоўцы збіраліся на плошчы, але праз пільную ўвагу сілавікоў, затрыманні і арышты жыхары Пружанаў памянялі фармат сваіх акцыяў. Цяпер яны сустракаюцца на прыпынку.

«Калі да нас падыходзілі міліцыянеры і пыталі, што мы робім, мы ім казалі, што чакаем аўтобуса. А на пытанне, куды мы едзем, распавядалі, што мы едзем у светлую будучыню, але сілавікам з намі не па дарозе», – з усмешкаю згадала старшыня Рады.

Але праз нейкі час і гэты варыянт стаўся небяспечным. Спачатку людзей на прыпынку пільнавалі сілавікі ў бусах. А 3 і 4 снежня да прыпынку Пераменаў прыязджаў аўтазак, правяралі дакументы і пыталі, калі людзі ўжо перастануць выходзіць, затрымлівалі іх.

Фота прадстаўлена героямі публікацыі
Фота прадстаўлена героямі публікацыі

Як пераможам, зробім музей

За апошнія 4 месяцы ў пружанчанаў назбіралася неблагая калекцыя цікавых рэчаў:

«Першым пад шкло пойдзе пратакол пра выбранне Каардынацыйнае рады. Яшчэ будуць сцягі, якія дзе толькі не пабывалі. На адным з іх ёсць кроў, якой мы адмыслова не замываем. У нас ёсць рупар, з якім мы гаварылі праўду на плошчах. Адна нашая актывістка робіць прыгожыя штукі – і сардэчкі, і кветкі. Вельмі шмат чаго мы ўжо назбіралі за час нашае барацьбы, і ўсе гэтыя рэчы дарагія нашаму сэрцу», – адзначыла Ганна Баран.

Марыя Грыц belsat.eu

Стужка навінаў