«Свабода ўнутры чалавека». У Горадні адбылася сустрэча з Агнешкай Рамашэўскай-Гузы


Псеўдааб’ектыўнасць і праўда, страх і свабода, місія СМІ і інфавойны. Сваім досведам і меркаваннямі ў #HrodnaMediaRoome дзеліцца дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні адбылася чарговая сустрэча праекту #HrodnaMediaRoome, куды запрашаюць самых яскравых прадстаўнікоў СМІ ў гісторыі незалежнай Беларусі. На апошнюю сустрэчу прыехала дырэктар тэлеканалу «Белсат», першага незалежнага тэлебачання для беларусаў.

На пачатку размовы дырэктар «Белсату», падняла пытанне вялікай адказнасці, якая сёння ляжыць на плячах журналістаў. Каласальныя патокі псеўдапраўды, не праверанай інфармацыі і велізарная колькасць фэйкавых навінаў як ніколі патрабуюць сёння ад працаўнікоў СМІ прыстойнай і надзейнай журналісцкай працы.

«Сёння інфармацыя бярэцца галоўным чынам з інтэрнэт-крыніцаў, вельмі часта з сацыяльных сетак. Гэта мае таксама добрыя бакі, таму што фактычна перастае існаваць інфармацыйная блакада. Аднак пры гэтым паўстала іншая з’ява, вельмі небяспечная. Можна пераказаць кожную інфармацыю, але ў тым ліку і фальшывую. І выправіць яе вельмі складана. Калі нешта з’яўляецца ў сеціве, што з таго, калі нехта скажа, што гэта няпраўда? Калі далей 50 асобаў знойдуць і прачытаюць хлуслівы пасыл без гэтага каментара. Яны палічаць, што гэта праўда. Распаўсюдзіць сёння тзв. фэйкньюсы вельмі лёгка, але існуе «роля журналіста», адказнага за тое, каб інфармацыю праверыць. І гэта вельмі важная роля. Вельмі важна, не гледзячы ні на што агучваць гэтую праўдзівую інфармацыю. Сёння не столькі важна весці барацьбу з фэйкньюсамі, колькі ствараць і распаўсюджваць сваю праўдзівую інфармацыю», – кажа ў размове Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Якая яна, праўда?

Агнешка Рамашэўская-Гузы – аўтарка ідэі стварэння і дырэктар «Белсату» – першага незалежнага тэлебачання для беларусаў

Спадарыня Рамашэўская-Гузы значную частку жыцця прысвяціла журналісцкай працы ў Польшчы і за яе межамі ды мае ўласнае бачанне праўдзівай інфармацыі. Крыху па-філасоўску, аднак у поле дыскусіі трапіла крытыка сцвярджэння, што «кожны мае сваю праўду і журналісты павінны кожную праўду выслухаць і пераказаць».

«На маю думку, няма такой з’явы. Канешне, у філасофскім сэнсе праўда можа быць рознай, аднак факты адныя. Я часта прыводжу журналістам гэткі прыклад. Журналістыка не можа абмяжоўвацца толькі да таго, што даецца магчымасць выказвання двум бакам. Адзін чалавек кажа, што гэтая сцяна зялёная. Другі, што жоўтая. Але якая праўда і якія мы маем факты? Што з гэтай інфармацыі ведае глядач або чытач? Ці ён ведае ў выніку колер сцяны? Не. Ён ведае толькі, што адзін сказаў адно, а другі іншае. І ён не даведаецца самага галоўнага, што сцяна белая. Наш абавязак – прыгледзецца, задумацца і адказаць, што па сутнасці сцяна белая і гэта прадставіць».

Што павінен умець журналіст, каб быць добрым журналістам?

На думку спадарыні Агнешкі, у першую чаргу добры журналіст мусіць мець цікаўнасць да свету і людзей.

«Калі яго гэта не цікавіць, то гэта не журналіст. У мяне два правілы. Я ніколі не прымаю на працу на тэлебачанне асобу, якая хоча быць толькі вядоўцам, сядзець перад камерай і гаварыць. Калі чалавек хоча толькі стаяць, гаварыць у камеру і добра выглядаць, гэта азначае, што ён не падыходзіць. Гэта першае. І таксама я лічу, што не можа быць менеджарам чалавек, які занадта любіць уладу. Калі чалавек чэрпае самазадаволенне, калі кімсьці камандуе, то такая асоба не будзе добрым менеджарам», – тлумачыць дырэктар «Белсату».

«Мы жывем у эпоху Гутэнберга»

Вельмі змястоўнай атрымалася гутарка, звязаная з імкліваю сучаснай інфармацыйнай трансфармацыяй. Пытанне, за што ў будучыні будуць існаваць сродкі масавай інфармацыі дагэтуль застаецца без канкрэтнага адказу. Першапачатковая стаўка на тое, што грошы з’явяцца коштам рэкламы, аказалася прайгранай. Усё больш сур’ёзных міжнародных СМІ прымушаюць плаціць за змест артыкулаў у сеціве. Сярод іх The Economist, Financial Times, The Guardian і ў тым ліку польская Gazeta Wyborcza.

«Я ўвогуле вораг рэкламы. Ёсць адзін непрыемны момант, яскрава бачны ў Польшчы, калі СМІ трапляюць пад уладу рэкламадаўцы. Многія рэчы ты не можаш напісаць, таму што не згаджаецца рэкламадаўца, які па сутнасці з’яўляецца ўласнікам або галоўным акцыянерам таго ці іншага выдання. Паўстане наўпроставае пытанне: быць або не быць. Узнікае праблема свабоды СМІ. З другога боку тзв. публічныя місійныя СМІ, дзейнасць якіх практыкуюцца ў Польшчы, перажываюць палітычны націск. Але я яшчэ не ведаю, як усё складзецца. Таму што мы жывем у эпоху Гутэнберга. Калі ён вынайшаў друк, то не падазраваў, што з уплывам часу мы будзем чытаць штодзённыя газеты. Мы таксама жывем у такую эпоху, дзе кардынальна змяніўся спосаб пераказу інфармацыі. Мы не ведаем, як гэта будзе праз 20 гадоў. Але я думаю, што патрэба годнай даверу інфармацыі застанецца. І ўсё ж такі, на маю думку, чытачу прыйдзецца плаціць за інфармацыю».

«Свабода – унутры чалавека»

Апошняе традыцыйнае пытанне, якое задаецца ў #HrodnaMediaRoom – што для Вас свабода? Кожны выступоўца мае сваё меркаванне і досвед у гэтым пытанні. Спадарыня Агнешка, якая ў канцы 80-х разам з бацькамі была актыўнай удзельніцай антыкамуністычнага руху ў Польшчы, узгадала вельмі асабісты прыклад са свайго жыцця.

«Калі мяне арыштавалі 13 снежня, мне было 19 гадоў. Яны прыйшлі да мяне да хаты па маіх бацькоў, але паколькі іх не было, забралі мяне. Працаўнік Службы бяспекі, які мяне дапытваў, паклаў перада мной аркуш паперы і загадаў: «Пішы!». І пачаў дыктаваць, што я нібыта асуджаю дзейнасць такіх асобаў як Збігнеў Буяк, майго бацькі, што абяцаю праяўляць лаяльнасць і г.д. Сітуацыя была такая, што я дакладна не ведала, дзе мае бацькі, ці іх арыштавалі, я зачыніла ў кватэры свайго сабаку і баялася, што ён там здохне ад голаду.

У мяне трэсліся рукі, бо мне пагражалі, што пасадзяць, калі я пісьмова не асуджу дзейнасць свайго бацькі. Аднак, калі ён загадаў мне падпісаць гэтую паперу, у мяне ўнутры проста быў шок. Як? А калі яны пакажуць гэта майму бацьку? І я сказала: «Не! Я не падпішу гэтага». – Але, Вы нарвецеся. – Так, я нарвуюся, але не падпішу. Рабі, што хочаш. Гэта была мая ўнутраная свабода. Маё права не пагаджацца.

Мяне тады пасадзілі на пяць месяцаў, але пасля выпусцілі. Свабода – гэта ўнутраны стан чалавека. Але нельга казаць, што чалавек не свабодны, калі перажывае страх. Кожны баіцца, але страх можна і трэба перамагаць».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў