Сузаснавальнік OCCRP: да забойства Паўла Шарамета датычныя ўкраінскія ўлады


Сузаснавальнік міжнароднага журналісцкага праекту па даследаванню карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP Дру Саліван лічыць, што да забойства Паўла Шарамета так ці інакш датычныя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў.

На думку Салівана, забойства Шарамета, як і раней забойства Георгія Гангадзэ, было «хутчэй за ўсё, палітычным».

«Што тычацца Парашэнкі – мы не ведаем, замовіў забойства Шарамета ён ці хто-небудзь з яго адміністрацыі, але думаем, што да гэтага мае дачыненне ўкраінская ўлада», – падкрэсліў ён у інтэрв’ю «Украінскай праўдзе».

З пункту гледжання Салівана, украінскія ўлады «свядома не дакопваюцца да праўды, ня публікуюць інфармацыю, якую павінны зрабіць публічнай».

«Мы да гэтага часу не пачулі адказу, працуе ў СБУ Ігар (Усціменка, заўважаны на відэа з камер назірання ў ноч перад забойствам Шарамета – заўв.) ці ўжо звольнены – і чым менавіта ён займаўся ў органах і г.д», – сказаў ён.

Саліван падкрэсліў, што журналісты часта аказваюцца пешкамі ў складанай гульні: «Вялікі працэнт з іх былі забітыя не за іх канкрэтнае расследаванне, а проста каб яны згулялі пэўную ролю».

«Вядома, украінская ўлада з задавальненнем сказала б, што гэта Расея. І такая верагоднасць ёсць. Але доказы сведчаць хутчэй пра тое, што гэта зрабілі ўнутры краіны», – заявіў Саліван.

Нагадаем, Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асобаў». Не зважаючы на тое, што расследаванне справы пад асабісты кантроль узяў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, ні выканаўцаў, ні замоўцаў злачынства да сёння гэтак і не знайшлі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў