«Суровы турыст» з Беларусі таксама балатуецца ў прэзідэнты

Ён ужо падаў заяву ў Цэнтрвыбаркам.

Віталь Зялкоўскі, які стаў вядомы як мем «суровы турыст», будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. На сваёй старонцы «Вконтакте» ён выклаў скрыншот заявы аб рэгістрацыі сябе ў якасці кандыдата.

Яшчэ раней Віталь распавядаў «Белсату», што ён мае сур’ёзны намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Тады ён адзначыў, што яго цікавіць галоўным чынам змены ў краіне менавіта праз выбары, мірным шляхам.

«Суровы Зе кандыдат». Віталь Зялкоўскі актыўна рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў

Паводле Віталя, змены адбудуцца ўжо досыць хутка, але дзеля гэтага неабходна добра падрыхтавацца. У інтэрвʼю ён адзначаў, што Лукашэнка перанасыціўся ўладай і стаміўся працаваць.

У 2014 годзе Зялкоўскі далучыўся да партыі Гайдукевіча.

Віталю 39 гадоў, ён нарадзіўся ў Маладзечне, зараз жыве ў Менску і працуе ў IT-сферы. Праславіўся ў інтэрнэце сваімі фотаздымкамі з суровым тварам на фоне розных еўрапейскіх славутасцяў.

Апроч яго аб намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах заявілі Ганна Канапацкая, Валер Цапкала, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Павел Спірын, Юрый Ганцэвіч.

КТ Belsat.eu

Hавiны