Сусветны банк прагназуе падзенне ВУП Беларусі на 4 % і рэзкі рост інфляцыі


Сусветны банк прагназуе падзенне ВУП Беларусі ў 2020 годзе на 4 % праз глабальны эканамічны спад у сувязі з пандэміяй COVID-19. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

Паводле прагнозу Сусветнага банку, інфляцыя ў Беларусі ў 2020 годзе падскочыць да 11, 3% з 4,7% у 2019 годзе. Падзенне ВУП складзе 4 %.

Эксперты банку чакаюць, што ў 2021 годзе эканоміка Беларусі можа выйсці з рэцэсіі і яе рост складзе 1%, у 2022 годзе – 1,2%. Інфляцыя замарудзіцца да 7% і 6,3% адпаведна.

Таксама па прагнозе Сусветнага банку дэфіцыт рахунку бягучых аперацыяў плацежнага балансу Беларусі ў 2020 годзе рэзка вырасце – да 5,7% ВУП з 1,3% ВУП у 2019 годзе. Затым чакаецца зніжэнне дэфіцыту бягучага рахунку да 3,9% ВУП ў 2021 годзе і 3,8% ВУП у 2022 годзе.

Эксперты банку адзначаюць, што падзенне ВУП Беларусі непазбежна нават пры аднаўленні паставак нафты з РФ.

«Глабальны эканамічны спад з-за COVID-19 зніжае попыт на беларускі экспарт у Еўразвяз, Расею і іншыя краіны. Нават калі пастаўкі нафты з Расеі адновяцца, больш нізкія цэны на нафту рэзка скароцяць даходы ад вонкавага гандлю», – гаворыцца ў дакладзе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў