Сусветны банк не выключае рэцэсіі ў Беларусі з-за падатковага манеўру ў Расеі


Сусветны банк пагоршыў прагноз па росце эканомікі Беларусі ў 2019-2021 гадах і не выключае рэцэсіі ў краіне ў выпадку адсутнасці кампенсацыі выдаткаў беларускай нафтаперапрацоўкі ў выніку рэалізацыі ў РФ падатковага манеўру ў нафтавай сферы.

«Без кампенсацыі рост замарудзіцца да ўзроўню ніжэй 2 %, можа вырасці дэфіцыт рахункаў бягучых аперацыяў і спатрэбіцца дадатковая кансалідацыя бюджэту. У найгоршым выпадку адсутнасць кампенсацыі з боку Расеі эканоміка можа скаціцца ў рэцэсію праз скарачэнне выпуску нафтахімічнай прадукцыі разам з пагаршэннем рахункаў бюджэту і вонкавай пазіцыі», – сказана ў дакладзе «Сусветны банк: Справаздача пра эканоміку рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі – красавік 2019».

Пры гэтым эксперты СБ тлумачаць, што прагноз па росце беларускай эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве на ўзроўні 2 % абапіраецца на меркаванне, што, як мінімум, палова выдаткаў ад падатковага манеўру ўсё ж такі будзе кампенсаваная, паведамляе interfax.by.

Па абноўленай базавай ацэнцы СБ, ВУП Беларусі ў 2019 годзе можа вырасці на 2,2 %, у 2020 годзе – 2,4 %, у 2021 годзе – 2,1 %.

Паводле прагнозу, у 2019 годзе інфляцыя вырасце да 5,8 % з 5,6 % у 2018 годзе. У 2020-2021 гадах СБ чакае стабілізацыю інфляцыі ў Беларусі на ўзроўні 5 % за год.

Паводле ацэнкі СБ, дэфіцыт рахункаў бягучых аперацыяў плацежнага балансу Беларусі ў 2019 годзе вырасце да 1,6 % ВУП з 0,4 % ВУП у 2018 годзе. У далейшым СБ чакае рост дэфіцыту бягучых рахункаў да 2,6 % ВУП у 2020 годзе і 2,4 % ВУП у 2021 годзе.

Нароўні з пабочнымі эфектамі ад новай сістэмы падаткаабкладання ў Расеі, да ліку асноўных рызыкаў для беларускай эканомікі эксперты СБ адносяць адносна высокі дзяржпазыкі ў замежнай валюце і значны ўзровень доларызацыі. На гэтым фоне «прастора для гнуткай палітыкі абмежавана, паколькі эфектыўнасць грашова-крэдытнай палітыкі знаходзіцца пад пагрозай з-за высокай доларызацыі, а карэкціроўка абменнага курсу застаецца рызыкоўнай з-за высокай долі замежнай валюты ў дзяржпазыках», сказана ў дакладзе.

Крэмль у сваю чаргу адмаўляецца кампенсаваць страты беларускага бюджэту ў сувязі з падатковым манеўрам. Пытанне датацыяў Беларусі Расея ўвязвае больш шчыльнай інтэграцыяй.

ВІДЭА
Масква працягне выдаваць крэдыты, але ВУП зменіцца. Што чакае эканоміку перад прэзідэнцкімі выбарамі
2019.01.22 10:42

СК belsat.eu

Стужка навінаў