Сусветны банк дапаможа Беларусі ў барацьбе з COVID-19


Сусветны банк выдзеліў Беларусі 90 мільёнаў еўраў. Гэтыя грошы пойдуць на ўмацаванне нацыянальнай сістэмы аховы здароўя, паведамляе прэсавая служба ўстановы.

90 мільёнаў еўраў, якія выдзеліў Беларусі Сусветны банк, будуць выдаткаваныя на набыццё медычнага абсталявання і навучанне персаналу для лячэння цяжкіх выпадкаў інфекаваных COVID-19.

Акрамя таго, у межах праекту прадугледжваецца фінансаванне мерапрыемстваў па павышэнні інфармаванасці насельніцтва дзеля падтрымання сацыяльнага дыстанцыявання і гігіены.

«Гэты праект дапаможа выратаваць жыцці беларусаў за кошт забеспячэння сістэмы аховы здароўя неабходным абсталяваннем. Праект прынясе максімальныя вынікі ў спалучэнні з захадамі сацыяльнага дыстанцыявання, уключаючы перанос масавых мерапрыемстваў, скарачэнне фізічнай прысутнасці на працоўным месцы і ў навучальных установах, а таксама абмежаванне неабавязковага перамяшчэння людзей», – адзначыў Аляксандр Крэмер, Кіраўнік Прадстаўніцтва Сусветнага банку ў Рэспубліцы Беларусь.

Раней $ 1,7 млн на барацьбу з COVID-19 Беларусі выдзелілі ЗША. Фінансавая дапамога прызначаная для аховы здароўя: лабараторнай дыягностыкі, выяўленне новых выпадкаў, адсочванне кантактаў і іншага.

У Беларусі, паводле Мінздароўя, па стане на 22 траўня ачунялі і выпісаныя 12 833 пацыенты, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Зарэгістраваныя 34 303 чалавекі з станоўчым тэстам на COVID-19.

Hавiны
ЗША далі Беларусі $ 1,7 млн на барацьбу з COVID-19
2020.05.21 09:32

СК belsat.eu

Стужка навінаў