Сусветны банк: Беларусь чакае самы нізкі тэмп росту эканомікі ў рэгіёне


Рост эканомік у краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі, што развіваюцца, сёлета дасягне рэкордна нізкага ўзроўню за апошнія 4 гады, сцвярджаецца ў аглядзе Сусветнага банку. Прычына – у нявызначанасці эканамічнай палітыкі і скарачэнні патокаў глабальных інвестыцыяў.

Калі ў 2018 годзе гэты паказчык быў 3,2%, то ў 2019-м ён панізіцца да 1,8%, прагназуе Сусветны банк.

Для Беларусі прагноз пагоршыўся на 0,3 працэнтныя пункты – да 1,5%. У 2020-2021 гадах прырост унутранага валавога прадукту (ВУП) чакаецца на ўзроўні 1,3% і 1,2% – гэта самы нізкі тэмп росту ў рэгіёне.

Запаволенне рэгіянальнага росту абумоўлена прыкметным паслабленнем эканомікі Турцыі, якая сур’ёзна пацярпела ад стрэсу на фінансавым рынку, а таксама слабой актыўнасцю Расеі на фоне скарачэння абʼёмаў здабычы нафты. Тым часам у суседніх рэгіёнах – у Цэнтральнай Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Закаўказзі, рост наадварот умацаваўся.

Чакаецца, што да 2021 году сітуацыя можа палепшыцца, аднак існуюць значныя рызыкі. Галоўная з іх звязаная з нечакана рэзкім запаволеннем тэмпаў росту ў еўразоне – найбуйнейшым гандлёвым партнёры краін рэгіёну, а таксама з нявызначанасцю ў сусветнай палітыцы.

Краіны з вялікім дэфіцытам рахунку бягучых аперацый, моцнай залежнасцю ад патокаў капіталу або значным узроўнем валютнага доўгу, такія як Турцыя і Украіна, могуць сутыкнуцца са зменай настрояў інвестараў, папярэджвае Сусветны банк. Яшчэ адным фактарам рызыкі зʼяўляюцца рэзкія ваганні цэн на энерганосьбіты.

Каб пераадолець паніжэнне тэмпаў росту эканомікі, краінам рэгіёну варта ўдасканальваць дзяржаўнае кіраванне, завяршаць пераход да канкурэнтнага рынку, паляпшаць умовы для інвестыцыяў і надаваць увагу інавацыям. Гэтую задачу можа ўскладніць пагаршэнне дэмаграфічных тэндэнцыяў, якое вядзе да скарачэння колькасці насельніцтва працаздольнага ўзросту.

II belsat.eu

Стужка навінаў