Сустрэча з кандыдатам на дэпутацтва на магіле Віктара Каліноўскага. Паўстанцкі фэст прайшоў у Свіслачы


У Свіслачы на Гарадзеншчыне традыцыйна ўшанавалі памяць братоў Каліноўскіх і паўстанцаў 1863–1864 гг. Фэст паўстанцаў адбыўся ў новым фармаце – сустрэча з мясцовым кандыдатам на дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Удзельнікі імпрэзы спадзяюцца, што гэта будзе першы фэст, пасля якога ўдасца мінуць штрафаў за ўдзел у ім. Карэспандэнт belsat.eu паразмаўляў з удзельнікамі акцыі.

Грамадскія актывісты ўшаноўваюць памяць Кастуся Каліноўскага. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Раней за ўдзел у фэсце не каралі»

Фэст паўстанцаў у Свіслачы праходзіць напрыканцы кастрычніка ўжо каля 30 гадоў. Раней на яго зʼязджаліся з усіх куткоў Беларусі некалькі соцень чалавек. Цяпер – толькі з Гарадзеншчыны і Менску. Віктар Сазонаў, праваабаронца і грамадскі актывіст, адзін з пачынальнікаў фэсту, узгадвае былыя часы:

«У Свіслачы стаяў і помнік Каліноўскаму, і помнік Рамуальду Траўгуту, і стаяла Свіслацкая гімназія, гэты малюнак дапоўніла якраз магіла Віктара Каліноўскага. Таму спантанна людзі сталі сюды прыязджаць. Ну а далей мы памятаем гэтыя вольныя часы, калі ўлады не перашкаджалі людзям. Якраз супала на такі час. Свіслач напаўнялася сцягамі, людзьмі. Усім было весела і добра».

Праз пэўны час паўстанцкі фэст пачаў замінаць мясцовым уладам. Ушанаванне памяці пачалі расцэньваць як недазволенае масавае мерапрыемства. А за ўдзел у фэсце з актывістаў пачалі спаганяць штрафы. Імпрэза пачала рабіцца менш масаваю.

Кандыдат у дэпутаты па Свіслачы, Скідалю і Бераставіцы Максім Губарэвіч. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Магчыма, штрафаў не будзе»

Сёлета, каб пазбегчы штрафаў, кандыдат на дэпутата па Свіслачы, Бераставіцы і Скідзелі, Максім Губарэвіч, пастанавіў у рамках фэсту арганізаваць сустрэчу з выбарнікамі. Ягоная заяўка была задаволеная, а кропкамі сустрэчы кандыдат на дэпутацтва пазначыў сімвалічную магілу Віктара Каліноўскага, месца ля помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, вёску Якушоўку, дзе жыла сямʼя Каліноўскіх. «Спадзяюся, што ў гэтым годзе гэты фэст увойдзе ў гісторыю як фэст, пасля якога ніхто не атрымаў пакаранняў», – рэзюмаваў Максім Губарэвіч.

Гэтым разам удзел у паўстанцкім фэсце ўзялі каля 50 чалавек. Не абышлося і без традыцыйнай увагі з боку міліцыі. Асобы ў цывільным здымалі мерапрыемства на відэа.

Удзельнікі паўстанцага фэсту на старых свіслацкіх могілках. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Сімвалічная магіла Віктара Каліноўскага. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Удзельнікі фэсту ў Якушоўцы ўзнялі нацыянальныя сцягі. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Памятны камень, усталяваны побач з падмуркамі сядзібы роду Каліноўскіх. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў запальвае знічку на сымбалічнай магіле Віктара Каліноўскага. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Юрась Мацко – каваль. 20 год таму ён аздобіў і ўсталяваў паўстанцкі крыж у Якушоўцы. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы – адзіны ў Беларусі. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

22 лістапада – усе ў Вільню!

Сёлетні фэст паўстанцаў ёсць часткаю агульнанацыянальнай кампаніі «Каліноўскі-2019». Мэта кампаніі – зацікавіць максімальную колькасць беларусаў паехаць 22 лістапада ў Вільню на пахаванне парэштак Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў