«Сустрэча вельмі закрытая». Пра што гаварылі Лукашэнка з Юшчанкам?


Экс-прэзідэнт Украіны (2005-2010 гг.) Віктар Юшчанка наведаў Менск дзеля перамоваў з беларускім кіраўніком. Акрамя традыцыйных заяваў пра добрасуседскія стасункі і абмеркаванне выхаду Украіны з СНД, Лукашэнка ў чарговы раз загаварыў пра «паток зброі праз мяжу». Belsat.eu паспрабаваў высветліць, якія яшчэ тэмы маглі закрануць Лукашэнка і Юшчанка.

Мы звязаліся з прэс-сакратаром Юшчанкі Валянцінай Рудэнка, каб даведацца падрабязнасці ягонага візіту ў Менск. Паводле яе словаў, Юшчанку ў гэтай паездцы яна не суправаджала.

«Побач з Віктарам Андрэевічам была толькі ахова, сакратара няма. Я на працэсы не ўплываю. Сустрэча ўвогуле вельмі закрытая».

Прычыну закрытасці Рудэнка не патлумачыла. Калі мы праз некаторы час зноў патэлефанавалі з просьбай пра каментар, яна катэгарычна адмовіла звязаць нас з Юшчанкам.

З паведамленняў прэс-службы Лукашэнкі вынікае, што падчас перамоваў гаворка па сутнасці вялася ў асноўным пра выхад Украіны з СНД і гандлёвую супрацу з Беларуссю. Акрамя таго, Лукашэнка не ўпершыню закрануў пытанне «патоку зброі» праз украінска-беларускую мяжу.

«Мы ні ў якім разе не хочам умешвацца ў падзеі ва Украіне. Груба кажучы, гэта не наша справа, калі нас не просяць. Хоць, шчыра скажу, – мы пра гэта пагаворым – уплыў падзеяў ва Украіне на нас вельмі вялікі. Асабліва ў плане, што нас турбуе, – прыток зброі праз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі», – сказаў кіраўнік краіны.

Hавiны
«Непакоіць прыток зброі праз мяжу, шмат канфіскоўваем». Лукашэнка сустрэўся з экс-прэзідэнтам Украіны
2018.10.08 14:28

Паводле Лукашэнкі, таксама ёсць факты, калі зброя ідзе ў Беларусь з Украіны праз Расею.

Бліжэйшая адметная падзея ў дачыненнях дзвюх краін – Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які мусіць адбыцца напрыканцы кастрычніка ў Гомлі. Мерапрыемства ў такім фармаце запланаванае ўпершыню, бакі чакаюць падпісання шэрагу важных кантрактаў.

Пры гэтым цяпер паміж Менскам і Кіевам існуюць праблемныя пытанні, якія могуць ускладніць правядзене Форуму і не спрыяюць пазітыўнаму дыялогу. Найбольш навідавоку – скандальныя «шпіёнскія справы». На мінулым тыдні старшыня КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што абмену асуджанага за шпіянаж украінскага журналіста Паўла Шаройкі на беларуса Юрыя Палітыку не будзе, але памілаваць Шаройку беларускія ўлады могуць. Цалкам магчыма, што ў планы Менску як раз уваходзіць абмен асуджанага Шаройкі на неасуджанага (чытай, невінаватага) Палітыку.

Сёння расейскае выданне «Коммерсант» паведаміла, што кандыдатуру Юшчанкі ў Кіеве разглядаюць як замену Леаніду Кучме на перамовах Трохбаковай кантактнай групы, і ў Менску гавора вялася ў тым ліку пра гэта.

Палітычны аглядальнік, аналітык Аляксандр Класкоўскі мяркуе: пэўная закрытасць сустрэчы можа сведчыць пра тое, што на парадку дня – сапраўды далікатныя пытанні.

«Думаю, гаварылі пра магчымую замену Кучмы на менскай пляцоўцы. Але ж рэпутацыя Юшчанкі ў вачах Масквы даволі негатыўная. Ягоная прысутнасць на перамовах можа раззлаваць Маскву і сапсаваць перамоўны працэс, які і так ідзе, як мокрае – гарыць.

Лукашэнку таксама цікава даведацца пра падводныя плыні ва ўкраінскай палітыцы, а Юшчанка – чалавек дасведчаны ў патаемных хадах і камбінацыях. Для Лукашэнкі важна іх ведаць, каб працягваць гульню на маскоўкім і кіеўскім напрамках адначасова». – разважае Класкоўскі.

Паводле эксперта, «шпіёнская» гісторыя Шаройкі-Палітыкі гэтак жа магла быць на парадку дня.

«Некаторыя ўкраінскія каментатары лічаць, што карысна было б перад Форумам рэгіёнаў прыйсці да дамоўленасці, магчыма, да абмену», – мяркуе Класкоўскі.

***

І Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны адбудзецца ў Гомлі напрыканцы гэтага месяца. У межах Форума правядуць каля дзясятку мерапрыемстваў. Удзельнікі азнаёмяцца з патэнцыялам адзін аднаго ў прамысловай, сельскагаспадарчай, энэргетычнай, навуковай, турыстычнай і іншых сферах.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў