Суседнія з Беларуссю краіны ноччу пераводзяць гадзіннікі


Беларуская чыгунка зменіць расклад у сувязі з пераходам на зімовы час суседніх з Беларуссю краінаў.

У ноч на нядзелю Латвія, Літва, Польшча ды Украіна пераводзяць гадзіннікі – на адну гадзіну назад. Расея, як і Беларусь, не пераводзяць стрэлкі.

Пасля пераводу будзе наступная розніца ў часе ў Беларусі з суседнімі краінамі:

  • Латвія, Літва, Украіна – 1 гадзіна
  • Польшча – 2 гадзіны
  • Расея – час як у Беларусі.

Цягнікі – паводле новага раскладу

У сувязі са зменамі часу Беларуская чыгунка карэктуе расклад руху пасажырскіх цягнікоў, паведамляе прэс-служба БелЧыгункі.

З 29 кастрычніка цягнік № 86/85 Менск-Кіеў будзе адпраўляцца з Менску а 22:40, як звычайна, і прыбываць у Кіеў а 07:55 (раней 08:56). У зваротным кірунку цягнік будзе адпраўляцца а 21:09 (цяпер – у 22:34), а час прыбыцця ў Менск застанецца ранейшым – 08:38.

Цягнік № 805/806 Менск-Вільня будзе адпраўляцца з Менску ў 07:35, а прыбываць на канчатковую станцыю на гадзіну раней – а 09:05 (зараз – 10:05). З Вільні цягнік адправіцца а 18:30 (цяпер – у 19:30), а ў Менск ён прыбудзе без зменаў – а 22:00.

З 27 кастрычніка цягнік № 87/88 Менск-Рыга будзе адпраўляцца з Менску без зменаў а 20:38, а час прыбыцця ў Рыгу зменіцца з 08:28 на 7:30. У адваротным кірунку цягнік будзе адпраўляцца з Рыгі а 19:20 і прыбываць у Менск а 7:50.

Карэктуецца расклад цягнікоў перасадачнага паведамлення Менск-Берасце № 727/728 і № 128/127 Берасце-Варшава.

З Менску цягнік № 727 Менск-Берасце будзе адпраўляцца ў 10:55 і прыбываць у Берасце а 14:31, у сваю чаргу з Берасця да Варшавы цягнік № 127 Берасце-Варшава будзе адпраўляцца а 15:23 і прыбываць у Варшаву а 17:25.

З Варшавы цягнік № 128 будзе адпраўляцца ў 08:25 і прыбываць у Берасце а 14:49. Да Менску цягнік № 726 будзе адпраўляцца з Берасця а 15:15 і прыбываць у Менск а 18:49.

Пасля пераходу суседзяў на зімовы час зменіцца час адпраўлення і прыбыцця цягнікоў міжнароднага злучэння, якія ідуць транзітам па Беларусі ў краіны Заходняй Еўропы. Таксама будзе скарэктаваны расклад некаторых цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных лініяў, якія курсуюць па тэрыторыі краіны.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў