Супрацоўнікі «Аэрафлоту» не ўзялі ў самалёт у Крым дзяўчыну пасля аперацыі


Самалёт авіякампаніі «Аэрафлот»

Шматдзетную маці з 11-гадовай дачкой, якой зрабілі аперацыю ў Менску, супрацоўнікі «Аэрафлоту» у Беларусі не пусцілі ў самалёт. Менеджары палічылі, што дзяўчынцы будзе не камфортна.

Пра выпадак, які адбыўся ў сталіцы нашай краіны, рэдакцыі «Керчь.ФМ» распавёў абураны тата дзяўчынкі.

«У дачкі вальгусная дэфармацыя каленных суставаў. Па рэкамендацыі лекара на аперацыю мы паехалі ў Менск. Беларускія лекары лічацца спецыялістамі ў гэтай галіне. Аперацыя была прызначаная на пачатак верасня. Прайшло ўсё досыць паспяхова. Разам з дачкой у беларускім шпіталі засталася мая жонка. А са мною ў Крыме засталіся двое нашых дзетак», – распавёў мужчына.

Пасля таго, як дзяўчынка прайшла пасляаперацыйную рэабілітацыю, лекары агучылі, што 18 верасня яе прызначаюць на выпіску. Таму загадзя бацька дзяўчыны скантактаваўся з офісам «Аэрофлоту» і распавёў пра сітуацыю з дачкой. У кампаніі патлумачылі, што ў падобных выпадках прадугледжваецца нават дастаўка людзей у самалёт. Прычым гэтая паслуга бясплатная.

Да моманту пасадкі на борт самалёту ўсё ішло згодна з дамоўленасцямі. Маці з дачкой прыбылі ў аэрапорт за 3 гадзіны да вылету. Але раптам да іх падышоў галоўны менеджар прадстаўніцтва «Аэрофлот» у Менску і заявіў, што ён не дапускае іх да палёту, бо думае, што дзяўчынцы будзе не камфортна.

Гісторыя магла б завершыцца нармальна і без высвятлення адносінаў, калі б супрацоўнікі«Аэрофлоту» загадзя папярэдзілі пра падобнае развіццё сітуацыі. А так, ужо маючы выкупленыя квіткі на руках, маці з дачкой пасля аперацыі, фактычна без грошай, засталіся сам-насам у чужой краіне.

«Перанесці дату вылету Аэрафлот адмовіўся, бо яны разбіраліся з намі 2 гадзіны, тэлефанавалі да лекара, які сказаў, што ніякіх супрацьпаказанняў для палёту ў дачкі няма, потым высвятлялі з кол-цэнтрам, а калі канчаткова забаранілі нам ляцець, то сказалі, што яны перанесці вылет самалёту не паспеюць, бо засталося толькі 5 хвілін, а гэтага часу не хопіць для афармлення дакументаў. Гэта ўсё, са слоў жонкі, было сказана ім з самай добразычлівай усмешкай», – абураецца мужчына.

«На шчасце нам доктар дазволіў жонцы і дачцэ на некалькі дзён застацца ў шпіталі бясплатна. А я вырашаў пытанне з транспарціроўкай. Беларускія ўлады на мой электронны зварот адрэагавалі і адказалі, што яны разбіраюцца ў сітуацыі. «Аэрофлот» нічога ўсцямнага мне так і не паведаміў. У выніку я вымушаны быў пакінуць сваіх дзяцей 4,5 і 2,5 гадовага ўзросту ў Керчы з бабуляй. А за жонкай і дачкой паехаў у Беларусь на машыне. А гэта адлегласць на 4,5 тысячы кіламетраў. Ехалі мы з Менску ажно 3 дні. Але на шчасце, дачка досыць нармалёва перанесла дарогу.

Цяпер, перш чым недзе паляцець самалётам«Аэрофлот», мы добра падумаем. Дарэчы, грошы за білеты, а гэта каля 30 тысячаў расейскіх рублёў, за квіткі нам ніхто не вярнуў і, выглядае, вяртаць не збіраюцца», – падсумаваў жыхар Крыму.

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары