Супраць Змітра Паліенкі завялі яшчэ дзве крымінальныя справы


Зміцер Паліенка

Пра гэта Паліенка распавёў у лісце да Марыны Касінеравай. Актывістка апублікавала яго ў «Фэйсбуку».

Згодна з паведамленнем, супраць Паліенкі распачалі адразу дзве новыя крымінальныя справы – паводле артыкулаў 341 (за графіці ў Курапатах) і 369 (за абразу былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча).

Ліст Змітра Паліенкі да Марыны Касінеравай. Фота з «Фэйсбуку» актывісткі

Санкцыя першага артыкулу прадугледжвае грамадскія працы, штраф або арышт, другога – грамадскія працы, штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт або абмежаванне волі да трох гадоў.

Супраць Паліенкі распачатыя справы па яшчэ трох эпізодах:

  • паводле арт. 130 – за распальванне варожасці да міліцыянтаў. Санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф, арышт, абмежаванне або пазбаўленне волі ад аднаго да пяці гадоў;
  • паводле часткі 3 арт. 339 – за хуліганства (паводле сяброў Паліенкі і яго самога, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка). Санкцыя прадугледжвае абмежаванне волі ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў;
  • і яшчэ адна – паводле арт. 341 – за графіці «Менты забіваюць людзей».

Паводле СК, 13 сакавіка Зміцер Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’ездзе (паводле сяброў Паліенкі, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка).

20 сакавіка Паліенку затрымалі. Праз тыдзень стала вядома, што за кратамі ён аб’явіў галадоўку.

Абвінавачанне яму прад’явілі толькі 5 красавіка (хоць павінныя былі цягам 10 дзён).

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершанае і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

16 ліпеня стала вядома, што пракуратура вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэту справу Змітра Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання.

  • ​У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году.
  • Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў