Супраць жыхара Магілёва распачалі крымінальную справу за рэпост


У Магілёве расследуецца крымінальная справа, распачатая ў дачыненні да 33-гадовага мясцовага жыхара: яго вінавацяць у распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці (ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэксу).

Паводле праваахоўнікаў, мужчына ў сацсетцы «Вконтакте» знайшоў відэафайлы і графічныя малюнкі, якія «змяшчалі сцэны прапаганды і заклікі да варожых дзеянняў у дачыненні да групы асобаў па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і моўнай прыналежнасці». Гэтыя файлы жыхар Магілёва скапіяваў сябе на асабістую старонку. Такім чынам, мяркуюць у міліцыі, мужчына распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы для «нявызначанай колькасці асобаў».

Што канкрэтна было ў гэтых файлах у міліцыі не ўдакладняюць.

Праваахоўнікі адзначаюць, што жыхар Магілёва раней неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці за хуліганства.

  • Крымінальныя і адміністратыўныя справы за допісы, рэпосты і лайкі ў сацсетках сталіся распаўсюджанай практыкаю ў Беларусі. Напрыклад, нядаўна гарадзенская міліцыя распачала справу супраць вядомага музыкі і журналіста Алеся Дзянісава за тое, што ён зрабіў рэпост са старонкі анархістаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
  • Агулам у Беларусі за перыяд з 2006 па 2015 гады былі асуджаныя два чалавекі за распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні. Столькі ж асобаў было прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці толькі ў 2016 годзе. А вось летась іх колькасць павялічылася да 10 чалавек.
  • Імкліва расце колькасць асуджаных за рэпосты і ў Расеі: гэтак у 2017 годзе колькасць такіх крымінальных справаў вырасла ў чатыры разы – са 149 да 600.

ІІ, belsat.eu, паводле mogilevnews.by

Стужка навінаў