Супраць жонкі Алмазбека Атамбаева распачалі крымінальную справу


Жонка арыштаванага экс-прэзідэнта Кіргізіі Алмазбека Атамбаева Раіса стала фігуранткай крымінальнай справы. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

«Сёння я даведалася, што крымінальная справа распачатая і на мяне», – сказала Атамбаева журналістам. Паводле яе словаў, справа звязаная з былым загадчыкам аддзелу судовай рэформы і законнасці апарата прэзідэнта Манасам Арабаевым.

Раней Арабаеў даў паказанне супраць Раісы Атамбаевай, заявіўшы, што яна ўмешвалася ў судовы працэс па справе будаўнічай кампаніі, якая належала міжнароднай гарнаруднай арганізацыі «Сінхуа».

Афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра крымінальную справу супраць Раісы Атамбаевай на дадзены момант няма.

Тым часам, суд прыняў рашэнне пакінуць Алмазбека Атамбаева пад вартай у СІЗА ГКНБ да 26 жніўня. Усяго на сённяшні дзень Атамбаеву інкрымінуюць здзяйсненне 10 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Сярод абвінавачванняў супраць экс-прэзідэнта – арганізацыя масавых беспарадкаў, забойства, замах на забойства, захоп закладнікаў і ўжыванне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады. Паводле версіі спецслужбаў, былы кіраўнік дзяржавы рыхтаваў дзяржпераварот. Акрамя таго, яго абвінавацілі ў карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкеку і пры набыцці офісных будынкаў.

  • 8 жніўня Алмазбек Атамбаеў здаўся ўладам. Гэта адбылося пасля таго, як сілавікі распачалі новую спробу штурму дома былога кіраўніка дзяржавы і ім удалося прарвацца на тэрыторыю ягонай рэзідэнцыі. Атамбаеў здаўся пасля працяглых перамоваў. Паводле МУС Кыргызстану, аперацыяй асабіста кіраваў міністр унутраных справаў Кашкар Джунушаліеў.
  • 7 жніўня спецназ зрабіў няўдалую спробу захопу экс-прэзідэнта, пасля чаго прыхільнікі Атамбаева адбілі яго. У сваім звароце па тэлебачанні ён заклікаў улады Кыргызстану «не ісці супраць народу». Паводле Міністэрства аховы здароўя, за два дні супрацьстаяння сілавікоў і прыхільнікаў Атамбаева (7-8 жніўня) усяго па медычную дапамогу звярнуліся 98 чалавек. Адзін пацярпелы, баец «Альфа» – памёр. 11 працаўнікоў сілавых структур былі пераведзены ў шпіталь, 13 пацярпелых атрымліваюць стацыянарнае лячэнне, 83 пацярпелых адпраўленыя на амбулаторнае лячэнне.
Меркаванні
Захапіць прэзідэнта
2019.08.09 11:32

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў