Супраць Шуневіча патрабуюць распачаць крымінальную справу за абразу геяў


Праваабарончы цэнтр «Вясна» за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыст Валянцін Стэфановіч накіраваў заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутраных справаў Ігара Шуневіча па тэлебачанню. Пра гэта паведамляе сайт spring96.org.

Гаворка ідзе пра інтэрв’ю міністра тэлеканалу ОНТ, дзе ён назваў прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў «дзіравымі». «Існуе пэўная катэгорыя грамадзянаў, прабачце мяне за, можа быць, пэўны слэнг, але гэта мой тэрмін, мая дэфініцыя. Я іх называю дзіравымі. Некаторыя з іх зрабілі сабе адтуліны ў тых месцах, якія прыродай не прадугледжаны, некаторыя гэтыя адтуліны выкарыстоўваюць не па прызначэнні, некаторыя – сапраўдная дзірка, у адукацыі, у выхаванні, у інтэлекце, у культуры. Некаторыя гэта ўсё кампілююць. Задача ў іх адна, і мэта ў іх адна – гэта ў чарговы раз бліснуць у СМІ, у інтэрнэце, набраць пэўную колькасць сабачых воклічаў, лайкаў, ну і, натуральна, атрымаць гранты ад сваіх замежных куратараў, ну і задаволіць сваё хваравітае эга», – выказаўся тады Ігар Шуневіч.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзянаў па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі. Замест таго, каб супрацьстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры або носьбітаў неанацысцкіх поглядаў.

«Лічу, што дадзеныя выказванні носяць скрайне абразлівы характар, прапагандуюць у беларускім грамадстве нянавісць і дыскрымінацыю ў дачыненні да грамадзянаў краіны па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі, спрыяюць іх далейшай стыгматызацыі», – адзначае Валянцін Стэфановіч у заяве да старшыні Следчага камітэту.

Праваабаронцы лічаць, што выказванні Шуневіча ўяўляюць сабой нішто іншае, як падбухторванне да дыскрымінацыі, варажнечы да грамадзянаў краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце – сексуальнай арыентацыі.

Такім чынам лічу, што ў дзеяннях кіраўніка МУС можа ўтрымлівацца склад злачынства па арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы ці розні)», – піша Валянцін Стэфановіч і ў адпаведнасці з арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса просіць СК правесці праверку ўказаных у заяве фактаў і па яе выніках прыцягнуць Ігара Шуневіча да крымінальнай адказнасці.

Па гэтых жа абставінах, праваабаронцы просяць правесці і пракурорскую праверку, даць ім належную прававую ацэнку.

Фота
Кіраўнік МУС Беларусі трапіў на гей-парад у Лондане. Фотафакт
2018.07.08 20:45

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў