Супраць пабудовы царквы ў Салігорску сабралі больш за тысячу подпісаў


Аўтары петыцыі заклікаюць улады адмовіцца ад планаў будаўніцтва царквы ў новым мікрараёне №21. Ужо сёння калектыўнае пісьмо дашлюць у Менскі аблвыканкам і Салігорскі райвыканкам.

На думку аўтараў звароту на старонцы «Petitions.by», шэсць салігорскіх прыходаў Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату – больш чым дастаткова для гораду з насельніцтвам каля 107 тысячаў чалавек. (Аўтары петыцыі шостым лічаць прыход ў вёсцы Чыжэвічы, які фармальна не можа лічыцца салігорскім.)

«Гэта каля аднаго прыходу на 20 тысячаў насельніцтва, што з’яўляецца найвялікшым паказнікам ва ўсёй Беларусі», – пішуць аўтары петыцыі.

Канцылярыя Слуцкай епархіі ў каментары «Еўрарадыё» заяўляе, што на пяць салігорскіх прыходаў у горадзе маецца толькі адна праваслаўная святыня – кафедральны сабор Раства Хрыстова. Дзве царквы – благаславёнай Матроны і велікамучаніцы Варвары – цяпер будуюцца. Яшчэ дзве – у тым ліку Серафіма Сароўскага, якой і датычыць петыцыя салігорцаў – толькі ў планах.

Салігорскі кафедральны сабор Раства Хрыстова – найвялікшая праваслаўная святыня ў Менскай вобласці. І адзіная дзейная ў горадзе, калі не лічыць часовых богаслужэбных памяшканняў. Фота – sluck-eparchiya.by

Паводле БПЦ, набажэнствы прыходу прападобнага Серафіма Сароўскага часова ладзяцца ў капліцы на могілках «Дубеі». Аднак на старонцы епархіі можна знайсці інфармацыю, што прыхаджане вернікі прыходаў святой благаславёнай Матроны Маскоўскай і велікамучаніцы Варвары таксама могуць маліцца ў часовых богаслужэбных памяшканнях.

«Свае подпісы пад зваротам у падтрыманне будовы святыні пакінулі 5 000 салігорцаў. Плануецца, што храм свяціцеля Мікалая Цудатворца будзе служыць месцам малітвы для жыхароў некалькіх новых мікрараёнаў Салігорску. Яго пабудова закрывае пытанне аб далейшым заснаванні праваслаўных прыходаў у межах гораду», – гаворыцца ў адказе БПЦ.

Начальніца аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Салігорскага райвыканкаму Святлана Макей распавяла радыё «Свабода», што рашэнне пра будаўніцтва царквы яшчэ не зацвердзілі.

«Мы прымаем усе заяўкі, гэта ўсяго толькі абмеркаваньне, праект не зацьверджаны. Будаўніцтва яшчэ не дазволілі, – сказала Макей. – Цяпер прымаюцца ўсе «за» і «супраць», потым гэта будзе карэктавацца і зацвярджацца. Магчыма, яшчэ і адмовяць. Гэта толькі дэталёвы план».

12 жніўня заканчваюцца грамадскія абмеркаванні планаў будаўніцтва, аднак паводле актывісткі Наталлі Трафімчук падчас іх яна не атрымала адказу ад чыноўнікаў на свае пытанне.

«Пачаўшы задаваць пытанні, я пачула дзіўны адказ пра тое, што каментаваць пакуль што нічога не будуць. А навошта тады абмеркаванні гэтыя ўвогуле? Адзінае, што атрымалася дазнацца, – гэта тое, што пабудаваць царкву папрасілі прадстаўнікі БПЦ. Але што ж гэта такое? Мы жывём у свецкай дзяржаве ці не?» – абураецца актывістка ў размове з «Еўрарадыё».

Адразу пасля заканчэння грамадскіх абмеркаванняў разглядаць праект пачне горадабудаўнічая рада Салігорску.

Петыцыю з подпісамі супраць будаўніцтва чыноўнікі атрымаюць ужо сёння. Пад ёй падпісаліся 1062 чалавекі.

Адзін з аўтараў звароту паведаміў у «Фэйсбуку», што жыхары гораду пачалі атрымліваць смс-паведамленні, з заклікам падпісвацца за будаўніцтва святыні Мікалая Цудатворцы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў