Супраць Насці Рыбкі высунулі яшчэ адно абвінавачванне

ВІДЭА

Наста Рыбка. Фота - Інстаграм, nastya_rybka.ru

Аляксандра Кірылава (Алекс Леслі), Анастасію Вашукевіч (Наста Рыбка) і іншых фігурантаў справы аб нелегальным «секс-трэнінгу» ў Тайландзе могуць судзіць за вытворчасць і распаўсюджванне непрыстойнага відэакантэнту ў інтэрнэце.

«Пакуль мне ўдалося высветліць толькі, што ў справах па новых абвінавачваннях фігуруюць відэа- і фотаматэрыялы, на аснове якіх і пададзеныя новыя заявы, і што гэтыя матэрыялы былі размешчаны ў сетцы Інтэрнэт. Гэта, само па сабе, ужо дзеянне, якое падпадае пад закон аб камп’ютарных злачынствах Тайланда, пад артыкул аб вытворчасці і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або абразлівых матэрыялаў непрыстойнага зместу», – паведаміў РИА Новости тайландскі адвакат Саттхапхах Сійоха.

Такія злачынствы ў крайне караюцца турэмным тэрмінам да 5 гадоў у выпадку парнаграфіі і да 3 гадоў у выпадку абразлівых непрыстойных матэрыялаў, што публічна абражаюць асобаў.

Раней СМІ паведамлялі пра паступленне ў паліцыю некалькіх заяваў, якія змяшчаюць абвінавачанні ў дачыненні да Насці Рыбкі і Алекса Леслі ў згвалтаванні, сексуальных дамаганнях і арганізацыі прастытуцыі.

Нагадаем, Наста Вашукевіч з Бабруйску стала шырока вядомай пасля таго як 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам Сяргею Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

26 лютага дзесяцёх замежнікаў (у тым ліку Насту Рыбку), якія праводзілі незаконныя секс-трэнінгі, затрымалі ў Патаі. Арганізатарам курсаў з’яўляецца Аляксандр Кірылаў з Віцебску (больш вядомы як Алекс Леслі). За парушэнне мясцовага заканадаўства затрыманых чакае суд і дэпартацыя.

Пасля затрымання Наста Рыбка паспела выкласці у сваім Інстаграме запіс, дзе звярнулася да СМІ ЗША: яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх дэпутатаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам. «Я вельмі шмат ведаю. Калі вы знойдзеце мяне ў тайскай турме яшчэ жывою, то я з задавальненнем з вамі пагутару», – заявіла Рыбка.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары