Супраць карэспандэнткі «Радыё Свабода» ў Пскове распачалі крымінальную справу


Следчыя распачалі крымінальную справу супраць пскоўскай журналісткі Святланы Пракоп’евай, карэспандэнткі расейскую службы «Радыё Свабода». 6 лютага ў яе прайшлі ператрусы. Журналістку вінавацяць у «публічным апраўданні тэрарызму» (ч.2 ар. 205 Крымінальнага кодэкса РФ).

Падставай да распачынання справы стала аўтарская перадача Пракопʼевай «Хвілінка прасвятлення» у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы в Пскове». 6 лістапада 2018 года журналістка выказала меркаванне аб прычынах тэракту каля будынку ФСБ у Архангельску. Тады 17-гадовы мясцовы жыхар Міхаіл Жлабіцкі паспрабаваў пранесці ў памяшканне ФСБ выбуховае прыстасаванне, якое спрацавала, забіла яго і параніла трох працаўнікоў ФСБ.

Святлана Пракопʼева выказала здагадку, што ўчынак маладога чалавека мог быць справакаваны рэпрэсіўнымі дзеяннямі палітычнага рэжыму. Улады ўбачылі ў гэтай думкі апраўданне тэрарызму.

Раніцай 6 лютага да Святланы ў кватэру з ператрусам уварваліся байцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) ў масках, бронекамізэльках і са зброяй, аператыўнікі з Цэнтра «Э» і іншыя праваахоўнікі. Яны абвясцілі журналістке, што ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа за публічную апраўданне тэрарызму, і пачалі ператрус, які доўжыўся больш за пяць гадзінаў. Канфіскавалі ўсю тэхніку, тэлефон, электронныя носьбіты і дакументы, уключаючы замежны пашпарт.

Адначасова сілавікі прыйшлі на радыёстанцыю «Эхо Москвы в Пскове». Мэтай візіту яны назвалі «агляд месца здарэння».

Увечары 6 лютага Святлану Пракопʼеву пад канвоем САХРа даставілі ў аддзяленне Следчага камітэту РФ па Пскоўскай вобласці на допыт. Пасля допыту яе адпусцілі пад абавязак аб яўцы.

«Усё гэта не пра мяне, а пра свабоду слова ў Расеі. Калі ў іх цяпер усё атрымаецца, калі я атрымаю крымінальны артыкул, гэта будзе азначаць, што трэба пісаць як бы для дурняў – мовай суконнай, плоскай, даведкавай, каб наогул ніякіх рознагалоссяў у экспертаў не было. Гэта будзе сумна, нецікава, нікога не зачэпіць, але затое бяспечна. Вось такую мову журналістыкі яны хочуць бачыць», – кажа Пракопʼева.

ІІ, belsat.eu, паводле svoboda.org

Стужка навінаў