Супраць былога журналіста «Белсату» у Расеі распачалі крымінальную справу


Аляксандр Савельеў – журналіст і грамадскі актывіст з Краснадару. Фота з «Фэйсбука»

На краснадарскага журналіста Аляксандра Савельева, нашага былога рэдакцыйнага калегу, завялі справу аб супрацы з непажаданай арганізацыяй (артыкул 284.1 КК РФ). Аб гэтым каардынатар праекту «Праваабарона Паштоўкі» Аляксей Пранішнікаў распавёў выданню «Юг. МБХ медиа», у якім зараз працуе Савельеў.

Сам Савельеў на сувязь не выходзіць, удома ў ягоных бацькоў праходзіць ператрус.

Юрыст праекту «Права 45» Аляксей Аванесян піша, што Савельева дастаўляюць у Следчы камітэт.

Раней Савельева выклікалі ў пракуратуру праз навіну аб тым, што арганізацыя «Адкрытая Расея» напісала 400 лістоў у Дзярждуму з просьбай прафінансаваць з федэральнага бюджэту будаўніцтва школ у Краснадары.

Санкцыя артыкула 284.1 – ад штрафу або прымусовых работ да пазбаўлення волі ад двух да шасці гадоў.

Рух «Открытая Россия» паўстаў у лістападзе 2016 года на канферэнцыі ў Хельсінкі. У красавіку 2017 года Генпракуратура прызнала «непажаданымі» некалькі арганізацыяў, звязаных з Міхаілам Хадаркоўскім, зарэгістраваных у Вялікай Брытаніі і ЗША (яны ўсе мелі ў назвах словы «адкрытая» і «Расея»). Нягледзячы на тое, што рух «Открытая Россия» афіцыйна не забаранілі, улады працягвалі пераследаваць ягоных удзельнікаў.

Аляксандр Савельеў нейкі час вёў уласную калонку ў раздзеле блогаў на старонцы руху. Апошні допіс ён зрабіў у верасні 2017-га.

У лютым 2019-га на журналіста завялі адміністратыўную справу за рэпост у сацыяльных сетках матэрыялу «Открытой России».

«ОВД-инфо» падае, што Следчы камітэт праводзіць ператрус у офісе «Экалагічнай вахты па Паўночным Каўказе».

З телеграм-каналу «Пратакол Савельева» стала вядома, што затрымалі каардынатара «Вахты» Андрэя Рудамаху, адзін з герояў нашага матэрыялу аб меркаванай дачы Дзмітрыя Мядзведзева на беразе Чорнага мора.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў