Супраць 17-гадовага менчука распачалі крымінальную справу за акцыю пратэсту


Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», 17-гадоваму менчуку Максіму Бабічу выстаўленае абвінавачванне паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.

Максіма затрымалі 19 кастрычніка прыкладна а 7.30 раніцы ў той час, калі ён выходзіў з пад’езда і накіроўваўся на вучобу (хлопец зʼяўляецца студэнтам другога курсу Менскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа). У якасці прычыны ягонага затрымання быў названы эпізод з блакаваннем дарогі 13 кастрычніка ў Серабранцы (раён Менска), на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава. Затым хлопца павезлі ў Ленінскае РУУС гораду Менску. Допыт над ім адбыўся толькі ў 16 гадзін (пра тое, што адбывалася з хлопцам у прамежку з 7.30 да 16-ці гадзін, невядома). У якасці меры стрыманьня абраны арышт.

Блізкія Максіма падавалі хадайніцтва аб абранні іншай меры стрымання, аднак яго адхілілі. Паводле тэлеграм-каналу «Списки задержанных Жодино+Окрестино+Барановичи», Максім Бабіч па стане на 10.30 гадзін 22 кастрычніка знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

Максім Бабіч мае праблемы са здароўем – у яго парок сэрца.

Нагадаем, агулам ад 9 жніўня ў Беларусі распачалі ўжо больш за 400 крымінальных справаў супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту. З іх пракуроры накіравалі ў суды для разгляду звыш за 40 справаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў