Суполкі беларускіх добраахвотнікаў заблакавалі ў «Аднакласніках» і «Укантакце»


Расейская сацыяльная сетка «Аднакласнікі» заблакавала суполку беларускіх добраахвотнікаў з атраду  «Пагоня».

У мінулыя выходныя аказалася заблакаванай суполка Грамадскага сектару атраду «Пагоня», яна налічвала амаль 3000 падпісчыкаў у «Аднакласніках». Пра гэта распавялі belsat.eu у прэс-службе атраду «Пагоня».

Сапраўды, па спасылцы ok.ru/belpahonia старонка адкрываецца ў такім выглядзе. Прычынай блакавання сацыяльная сетка называе «нацыяналізм» і спасылаецца на ўласны рэгламент. Ці датычыцца блакаванне выключна тэрыторыі Беларусі, невядома.

Варта падкрэсліць, што Грамадскі сектар займаецца валанцёрскай працай: дапамагае байцам атраду, распаўсюджвае інфармацыю, ладзіць культурніцкія імпрэзы.

Яшчэ адна суполка – добраахвотнікаў з Тактычнай групы «Беларусь» – была заблакаваная беларускімі ўладамі «Укантакце». Адпаведнае рашэнне прыняла Міністэрства інфармацыі. Афіцыйнага паведамлення на гэты конт не было, прычыны таксама не ўдакладняюцца.

«Грамадскі сектар Атраду «Пагоня» лічыць не выпадковасцю сістэматычнае блакаванне суполак беларускіх добраахвотнікаў у расейскіх сацыяльных сетках менавіта цяпер. Для нас гэта з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» і таго, што можа адбывацца вакол гэтых вучэнняў», – заявіў прадстаўнік атраду ў каментары belsat.eu.

На сённяшні дзень у сацсетках дзейнічаюць тысячы суполак, дзе прапагандуецца не толькі ўдзел у незаконных узброеных фарміраваннях, але і расавая, і нацыянальная варожасць.

Яскравым прыкладам служыць суполка расейскай парамілітарнай ультраправай арганізацыі ENOT Corp. Яе кіраўніцтва, былыя баевікі так званых «ЛДНР», адкрыта гандлююць рэчамі забітых украінскіх жаўнераў.

Падобным суполкам нейкім чынам удаецца пазбегнуць блакавання на тэрыторыі Беларусі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў