Супернікам Трампа на выбарах стане «чалавек Абамы»


Сенатар ад штату Вермонт Бэрні Сандэрс абвясціў, што спыняе ўдзел у барацьбе за права стаць кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі на выбарах прэзідэнта ЗША.

Праз сыход Сандэрса адзіным прэтэндэнтам на месца кандыдата ад дэмакратаў застаўся Джоў Байдэн. Калі ахвочых канкураваць з ім не знойдзецца, то ўлетку на з’ездзе Дэмакратычнай партыі яго зацвердзяць у якасці суперніка Дональда Трампа.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўзнагароджвае віцэ-прэзідэнта Байдэна прэзідэнцкім медалём Свабоды (найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода ЗША для цывільных асобаў).
Фота: Yuri Gripas / Reuters / Forum

У 2016 годзе Сандэрс таксама спрабаваў балатавацца ад Дэмакратычнай партыі, але прайграў Гілары Клінтан.

Джоў Байдэн (77 гадоў). Хто ён такі і пры чым тут Абама?

Джоў Байдэн нарадзіўся ў сямʼі выхадцаў з Ірландыі і Англіі. Католік. Ягоны бацька прадаваў ужываныя аўто. У 1965 годзе Байдэн – малодшы скончыў універсітэт Дэлавэра, дзе атрымаў ступень бакалаўра паліталогіі і гісторыі. У 1968 годзе скончыў дактарантуру юрыдычнай школы Сіракузскага ўніверсітэту ў Нью-Ёрку. У 1972 годзе ва ўзросце 30 гадоў быў абраны сенатарам ад штату Дэлавэр.

У 2008 годзе ўвайшоў у каманду Барака Абамы і заняў пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША. Мяркуецца, што ў 2014-2016 гг. Байдэн быў «куратарам» па Украіне. У 2014 годзе сын Джоў Байдэна Хантэр увайшоў у склад кіраўніцтва кампаніі «Burisma Holdings Limited», якая займаецца здабычай нафты і газу ва Украіне. Падчас тэлефоннай размовы Дональда Трампа і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага кіраўнік ЗША нібыта папрасіў украінскага калегу пасадзейнічаць расследаванню карупцыйных сувязяў сямʼі Байдэнаў. Пазней гэтая просьба стала нагодаю распачаць супраць Трампа працэдуру імпічменту.

Працяг сацыяльнай палітыкі Абамы

Байдэн зʼяўляецца праціўнікам свабоднага нашэння агнястрэльнай зброі і легалізацыі марыхуаны ва ўсіх штатах (ён мяркуе, што штаты самыя павінны вырашаць гэтае пытанне). Таксама Байдэн выступае супраць бясплатнай медыцыны і адукацыі. Палітык прапануе пашырыць дзеянне льготнай страхоўкі, якую ўвялі пры Абаме, а таксама плануе рэфінансаваць даўгі за навучанне ў каледжах, што дэ-факта зробіць бясплатнымі першыя два гады навучання. Байдэн выступае за развіццё атамнай энергетыкі і захаванне здабычы нафты (праўда, хацеў бы цалкам забараніць бурэнне на шэльфе і ўвесці дадатковыя падаткі для нафтаздабываючых кампаніяў).

Джоў Байдэн на вокладцы лютаўскага нумару часопісу «Time». У 1974 годзе гэты часопіс уключыў Байдэна ў спіс «200 асобаў будучыні, якія будуць рабіць гісторыю»

Канец ізаляцыянізму Трампа

Вонкавапалітычная праграма Байдэна прадугледжвае спыненне гандлёвых войнаў з Кітаем, адмену забароны на іміграцыю з мусульманскіх краінаў, вяртанне ЗША ў ядравую здзелку з Іранам ды пралангацыю дамовы з Расеяй аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічнай наступальнай зброі. Таксама палітых мае намер павялічыць фінансаванне няўрадавых арганізацыяў, якія дзейнічаюць у іншых краінах і займаюцца пытаннямі дэмакратыі. Сярод абяцанняў Байдэна ёсць і спыненне замежных вайсковых кампаніяў з удзелам ЗША. Тое самае абяцае Трамп (10 сакавіка ЗША пачалі вывад войскаў з Афганістану). Па вялікім рахунку Байдэн прапануе спыніць трампаўскую палітыку «ізаляцыянізму» і абяцае вярнуць свет у датрампаўскую эпоху.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў