Суперафіша «Барсэлона» – «Манчэстэр Юнайтэд» ды іншыя пары лёсавання Еўракубкаў


У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне сёння адбылося лёсаванне, пачынаючы з чвэрцьфінальнай стадыі, галоўных футбольных еўракубкавых турніраў – Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Ужо з гэтага этапу сеяных камандаў не будзе, а клубы з адной краіны змогуць сустрэцца міжсобку.

Спачатку былі вызначаныя пары 1\4-ай фіналу самага галоўнага клубнага турніру Старога Свету. Самай забойнай, безумоўна, выглядае супрацьстаянне «Барсэлона» – «Манчэстэр Юнайтэд».

Справка

Ліга чэмпіёнаў 1\4 фіналу

«Барсэлона» (Іспанія) – «Манчэстэр Ю» (Англія)

«Тотэнгэм» (Англія) – «Манчэстэр С» (Англія)

«Аякс» (Галандыя) – «Ювэнтус» (Італія)

«Ліверпул» (Англія) – «Порту» (Партугалія)

Першыя матчы 1\4 фіналу пройдуць 9 і 10 красавіка, сустрэчы ў адказ 16 і 17 красавіка.

Справка

Ліга чэмпіёнаў 1\2 фіналу

«Тотэнгэм» / «Манчэстэр С» – «Аякс» / «Ювэнтус»

«Барсэлона» / «Манчэстэр Ю» – «Ліверпул» / «Порту»

Першыя матчы 1\2 адбудуцца 30 красавіка і 1 траўня, сустрэчы ў адказ 7 і 8 траўня. Фінал запланаваны на 1 чэрвеня, а яго прыме стадыён «Ванда Мэтрапалітана» у Мадрыдзе.

Далей чарга дайшла да Лігі Еўропы, дзе таксама вылучаецца адная пара. Лёс звёў на гэтым этапе італьянскі «Напалі» ды лонданскі «Арсенал», дуэт, які б пры іншых умовах мог прэтэндаваць і на фінал другога паводле значнасці клубнага турніру Еўропы. Пашанцавала тут лонданскаму «Чэлсі», бо пры ўсёй павазе да чэшскай «Славіі» «арыстакраты» выглядаюць у гэтым супрацьстаянні яўным фаварытам.

Справка
Ліга Еўропы 1\4 фіналу

«Напалі» (Італія) – «Арсенал» (Англія)

«Віллярэал» (Іспанія) – «Валенсія» (Іспанія)

«Бэнфіка» (Партугалія) – «Айнтрахт» (Нямеччына)

«Славія» (Чэхія) – «Чэлсі» (Англія)

Справка
Ліга Еўропы 1\2 фіналу

«Напалі» / «Арсенал» – «Віллярэал» / «Валенсія»

«Бэнфіка» / «Айнтрахт» – «Славія» / «Чэлсі»

Першыя матчы 1\4 пройдуць 11 красавіка, сустрэчы ў адказ 18 красавіка. Двубоі 1\2 адбудуцца 2 і 9 траўня. Фінальны двубой прыме Алімпійскі стадыён у Баку.

Два клубы з Манчэстэру, а таксама з Лондану не змогуць правесці хатніх матчаў у адзін дзень або сумежныя дні. Гэткім чынам, калі іхныя двубоі выпадуць на адзін гульнявы тыдзень, то ў адпаведнасці з правіламі камітэту УЕФА аб клубавых спаборніцтвах каманда, якая фінішавала ў мінулым сезоне ў нацыянальным першынстве ніжэй, павінная будзе адпаведную сустрэчу правесці на выездзе. Магчымыя змены з тых жа прычынаў могуць быць і ў раскладзе паўфіналаў, яны будуць зацверджаныя пасля матчаў 1\4-ай.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Стужка навінаў